Skip to main content
Логотип

26 кастрычніка – каментарый да Евангелля на ХХХ Звычайную нядзелю (Лк 18, 9–14)

6 1 1

Бог глядзіць на сэрца

Прыпавесць пра фарысея і мытніка паказвае кантраст паміж пакорай і ганарыстасцю. Фарысей, хоць захоўваў закон, засяроджваўся не на адносінах з Богам, а на ўласных дасягненнях. Яго малітва была поўная самалюбавання і пагарды да іншых людзей.

З другога боку, мытнік, хоць лічыўся грэшнікам, выказаў глыбокую і шчырую пакору. Яго малітва была кароткай, але поўнай шчырасці: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага” (Лк 18, 13). Скруха мытніка і яго просьба аб дапамозе паказваюць, што Бог прызнае шчырасць сэрца, а не паказную пабожнасць. Творца цэніць пакору больш за ўсе знешнія праявы. Яго ласку прыцягваюць не нашы заслугі, а адкрытасць і праўдзівасць.

Стаўленне мытніка гаворыць пра тое, што сапраўдная малітва не патрабуе вялікіх слоў ці знешніх знакаў пабожнасці. Важныя прастадушнасць і прызнанне ўласных слабасцей. Менавіта такі падыход прыцягвае Божую міласэрнасць. Справа не ў тым, каб уразіць Бога сваімі дасягненнямі, поспехамі, а ў тым, каб адкрыць перад Ім сваё сэрца. Гэта дапамагае будаваць праўдзівыя адносіны з Усемагутным.

Сувязь з Богам засноўваецца на даверы і пакоры. Мытнік з прыпавесці паказаў, што нават самы вялікі грэшнік можа наблізіцца да Бога, калі толькі каецца. Гэта заахвочванне для кожнага з нас: не баяцца паказваць Богу сваю недасканаласць, бо Яго міласэрнасць даступная ўсім, хто шчыра шкадуе за свае грахі.

Ганарыстасць аддаляе нас ад Бога, а пакора набліжае. Гэта ўрок, які прымяняецца не толькі ў малітве, але і ў штодзённым духоўным жыцці. Давайце ж пазбягаць стаўлення фарысея, які лічыў сябе лепшым за іншых. “Кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны” (Лк 18, 14b). Будзем старацца паглядзець на сябе і іншых з міласэрнасцю і разуменнем, што павінна наблізіць нас да Бога і людзей.

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду