Skip to main content
Логотип

Верыць, што смерць не з’яўляецца канцом

IMG 20251020 183213 999

“Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі” (Ян 11, 25–26). Словы Езуса Хрыста з Евангелля асвойваюць нас з тэмай смерці, дапамагаюць зразумець і прыняць гэтую непазбежную частку жыцця.

“Калі чалавек прыходзіць да цябе са сваім болем, хочацца падарыць яму сваю ўвагу і цяпло”, – дзеліцца Ксенія Адамовіч, якая кіруе адной з найбуйнейшых у Гродне арганізацый па вытворчасці і ўстаноўцы помнікаў. Што сказаць людзям, якія ў сваім жыцці сутыкнуліся са смерцю?

– Ксенія, як гэта – рэгулярна сустракацца з людскім болем?

– Ёсць людзі, якія прыходзяць, спакойна замаўляюць помнікі на магілы сваіх родных, мы пагаворым, і ўсё. А ёсць эмацыянальна складаныя выпадкі, калі мы плачам з чалавекам разам альбо ён адыходзіць, а пасля доўга плачу я адна. У такія моманты малюся за памерлага і часта – за роднага, падтрымліваючы яго ў перажывані страты блізкага чалавека.

Усведамляю: да мяне прыходзяць людзі, якім неабходна шчырае спачуванне, добрыя словы, а таксама праўда аб тым, што смерць не з’яўляецца канцом, а толькі пераходам у вечнае жыццё. Заўсёды падчас ранішняй малітвы звяртаюся да Бога і прашу, каб Ён даў мне любоў і чуласць да людзей, якіх сустракаю ў сваёй працы.

– Як Вы размаўляеце з чалавекам, які трывае ў жалобным смутку?

– Заўважаю, як з адыходам блізкага людзі становяцца вельмі адзінокія, нават калі за спіной тлум родных. Многія ўпадаюць у пэўную безнадзейнасць, сумняваючыся, што жыццё пасля смерці ўвогуле існуе. Я спрабую ўсім гаварыць пра Госпада, стараюся падбадзёрыць чалавека ў роспачы праз Божае слова.

Намагаюся падтрымаць, распавесці з верай пра тое, што нас усіх чакае пасля смерці.

Бачу, што асабліва пераймаюцца пытаннем, дзе іх родныя цяпер, тыя, хто нікуды не хадзіў, не спавядаўся, вёў цалкам “свецкі” лад жыцця. У выпадку, калі чалавек няверуючы, я прыводжу нейкія свае жыццёвыя прыклады.

изображение viber 2025 10 21 20 04 34 831

– Людзі прыслухоўваюцца?

– Нехта задае пытанні наконт веры. Калі я не арыентуюся ў тэме, то адказваю, што даведаюся ў кампетэнтых людзей і дам зваротную сувязь.

Дарэчы, многія ідуць на кантакт, гавораць, што ім цікава. Распытваюць, дзе і як даведацца больш. Тады я падказваю, куды можна прыйсці, з чаго пачаць духоўнае развіццё.

Ёсць людзі, якія пасля нашых размоў прыйшлі да веры. Я іх сустракаю ў касцёле. Мы вітаемся, гутарым.

Сама я таксама цікаўлюся пытаннямі веры. У 2020 годзе ўдзельнічала ў хрысціянскім евангелізацыйным курсе “Альфа”, а яшчэ праз два гады распачала навучанне ў Гродзенскім тэалагічным каледжы імя св. Казіміра.

– Ведаю, што Ваша сям’я штосьці робіць у дар для Касцёла…

– З нейкага моманту мы пачалі, па магчымасці, рабіць справы міласэрнасці, дапамагаючы Касцёлу нейкімі вырабамі з граніту альбо ахвяраваннямі. Наша сям’я, можна сказаць, выйшла на такі ўзровень жыцця, калі востра не стаіць пытанне аб тым, што паесці і што апрануць. Хоць першы час, каб утрымаць сваю справу, сужонак быў заняты на трох месцах працы.

Таксама мы фінансава падтрымліваем прытулак для бяздомных жывёл. І ўсё часцей я задумваюся аб дзесяціне, пра якую гаворыцца ў Бібліі…

І яшчэ важны для мяне момант. Калі да нас звяртаюцца бацькі, якія страцілі дзіця, то я раблю ім усё па сабекошце. Людзям настолькі балюча, што ў іх унутры ўсё пераварочваецца… Я сама, маючы 7 гадоў, страціла праз лейкімію старэйшую сястру. Памятаю, як маме тады было цяжка, як яна здолела захаваць і ўмацаваць сваю веру… Калі бачу, што чалавек зусім бедны, а ў яго за год памерла некалькі родных, альбо калі гэта жанчына ў цяжкім фінансавым становішчы, якая самастойна выхоўвае дзяцей, звычайна прапаную ім цану нават ніжэй, чым сабекошт.

– Ці змянілася Ваша стаўленне да смерці за час працы?

– Так, на сто адсоткаў. Раней здавалася, што ўсё яшчэ наперадзе, што шмат часу, паспеем. Цяпер разумею, што жыццё – гэта момант перад вечнасцю. І ты сам вырашаеш, якой яна будзе.

Госпад падрыхтаваў для кожнага чалавека месца ў небе. Каб туды трапіць, трэба прытрымлівацца Божых запаведзяў і верыць у тое, што сказаў Хрыстос: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць” (Ян 11, 25). Гэтыя словы падбадзёрвання, якія Езус скірваў да Марты, сястры Лазара, мы вырашылі працытаваць на сваіх візітоўках. Яны напамінаюць пра тое, што на смерці жыццё не заканчваецца.

IMG 20251020 183314 525

– Не страшна глядзець у вечнасць?

– Мэтай свайго жыцця я паставіла “заслужыць” Нябеснае Валадарства. У сваёй працы, як і ў паўсядзённым жыцці, імкнуся да святасці. Так, дасягнуць яе на зямлі немагчыма, але лічу, што важна старацца прытрымлівацца пэўных фундаментальных прынцыпаў, працаваць так, быццам усё робіш для Бога.

Для сябе я вырашыла пачынаць кожны дзень з малітвы, у якой дзякую Богу за яго – гэта па-першае. Па-другое, выконваць запаведзь любові да бліжняга, выплачваючы годны заробак людзям, якія працуюць у найме. Мой муж так пачынаў, гэта вельмі цяжкая праца. І, па-трэцяе, для мяне важна мець сумленныя стасункі ў выплатах з дзяржавай. Калі трымаюся гэтых установак, я спакойная, адчуваю паўнату і нам усяго хапае для годнага існавання.

Размаўляла Кацярына Паўлоўская