
Напярэдадні кастрычніка – месяца, прысвечанага ў Касцёле ружанцовай малітве, – у газеце “Слова Жыцця” быў аб’яўлены конкурс сярод чытачоў на лепшую гісторыю пра ружанец.
У свае 12 гадоў я кожную нядзелю з радасцю ўдзельнічала ў св. Імшы ў касцёле, узносячы хвалу Госпаду ў псалмах. Спевы былі маёй шчырай любоўю і спосабам служэння Богу.
Напярэдадні аднаго важнага свята я захварэла. Сімптомы прастуды наваліліся раптоўна, і самае сумнае – я зусім страціла голас. Мелася быць асаблівая св. Імша, а жаданне спяваць ля алтара было неверагодна моцным.
У роспачы я звярнулася да Багародзіцы. Малілася шчыра, ад усяго сэрца, перабіраючы пацеркі ружанца. Прасіла толькі аб адным – дараваць мне голас на адзін-адзінюткі дзень, каб магла праславіць Госпада спевам у касцёле.
У тую ноч пасля стараннай малітвы я ўбачыла сон. У ім паўстала незвычайна прыгожая Жанчына з цёмнымі валасамі. Яна суцешыла мяне і паабяцала дапамагчы.
І адбыўся сапраўдны цуд! Раніцай я прачнулася, і мой голас вярнуўся. Радасці не было мяжы. Я з трапятаннем праспявала ў касцёле на святочнай Імшы, узносячы хвалу Пану і дзякуючы Найсвяцейшай Панне Марыі.
Уначы, пасля службы, мой голас зноў знік, а разам з ім вярнуліся і ўсе сімптомы прастуды. Аднак гэта ніяк не азмрочыла маёй радасці…
Ужо тады, у дзяцінстве, я спазнала сілу малітвы да Прасвятой Багародзіцы, Яе міласэрнасць і заступніцтва. З таго часу малюся да Беззаганнай з асаблівым трапятаннем, ведаючы, што Яна чуе нашы малітвы і заўсёды гатова прыйсці на дапамогу. Гэты выпадак назаўжды ўмацаваў маю веру і навучыў спадзявацца на
Божую літасць праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.
Марыя Жукоўская
***
Хочам падзяліцца натхненнем і бачаннем гісторыі ружанца ў сваім жыцці.
Ружанец атрымала ў дзяцінстве я,
Усхваляла псалмом Пана ля амбоны таго дня,
Жамчужыны на нітачцы законная сястра
Ад сэрца падарыла і наказ дала:
Няхай ён будзе побач, маліся і чувай,
Еднасці з Богам ніколі не губляй…
Цяпло ўспамінаю гутарку я тую –
З Ружанцам усё магу і ніколі не сумую!
Разважай…
Умацоўвай(ся)…
Жыві…
Адаруй…
Натхняй(ся)…
Евангелізуй(ся)…
Цані…
Алена і Марта Раманчук
***
Я пастаянна нашу ружанец-бранзалет на левай руцэ. Часам у касцёле, часам у дарозе, дома малюся на ім.
Маліцца на ружанцы стараюся штодня. Люблю адгаворваць Вяночак да Божай Міласэрнасці. Вельмі люблю, калі атрымліваецца памаліцца ў 15:00 з “Радыё Марыя”.
Уначы, калі прачынаюся, асабліва каля трэцяй гадзіны, малюся на ружанцы Вяночак за душы, церпячыя ў чыстцы. Часам адзін раз адгаворваю малітву, часам два або тры разы даводзіцца паўтарыць, каб заснуць. Пасля гэтага сплю спакойна.
Аднойчы я прачытала кнігу, дзе распавядалася, як св. Антоній з Падуі пры сустрэчы з нядобразычліўцамі ўзяў у рукі ружанец – і размова пайшла ў добрым русле.
Святы заўжды браў яго з сабой, асабліва калі разумеў, што прадбачыцца складаная размова. І я па гэтым прыкладзе вырашыла заўжды насіць ружанец з сабой.
Памятаю, быў выпадак, калі я апынулася ў адной кампаніі ў няпростай сітуацыі. Перад размовай хутка ўзяла ружанец у руку і ў думках памалілася: “Госпадзе Езу
Хрысце, Сыне Божы, змілуйся над намі грэшнымі…”. Сітуацыя вырашылася для ўсёй кампаніі паспяхова.
А яшчэ ўзгадваю гісторыю, як некалькі гадоў таму ў мяне забалелі вочы – моцна слязіліся. Хадзіла да акуліста, ён выпісаў кроплі. Калі знаёмы ўбачыў мяне ў паліклініцы, спытаў: “Ты чаго плачаш?”. А я кажу, што не плачу, гэта слёзы так цякуць – заліваюць твар. Ён вельмі здзівіўся.
Час ішоў, нічога мне не дапамагала. На свет Божы стала нялюба глядзець. Я прыйшла дадому і пачала горача з верай маліцца. Прасіла Бога, Найсвяцейшую Маці аздаравіць мае вочы. Дзень, другі, трэці – і… хвароба адступіла, слёзацёк спыніўся.
Я з удзячнасцю шукала малітву, каб праслаўляць Панну Марыю. І вось знайшла.
Хвала Табе, Дачка Нябеснага Айца!
Хвала Табе, Маці Божая!
Хвала Табе, Нявеста Святога Духа!
Хвала Табе, Святыня Найсвяцейшай Тройцы!
Марыя Курганская
Па рашэнні рэдакцыі ўсе аўтары дасланых лістоў, апублікаваных у двух апошніх нумарах, атрымаюць памятныя падарункі. Дзякуем за ўдзел і за сведчанне сваёй веры!
