
З 7 па 9 лістапада ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку пройдзе малітоўны кангрэс у абарону жыцця. Мерапрыемства праводзіцца ў Беларусі ўжо ў пяты раз.
З чаго пачалося
Упершыню малітоўны кангрэс у абарону жыцця прайшоў у Навагрудку ў 2021 годзе. Ідэя была запазычана ў Human Life International – найбуйнейшай prolife-арганізацыі (pro life з англ. “за жыццё”) з цэнтрам у Аўстрыі, якая мае больш за 90 філіялаў у розных краінах свету.
“Спачатку мы ездзілі на міжнародныя малітоўныя кангрэсы ў абарону жыцця, якія арганізоўвалі калегі. Яны праходзілі ў Лурдзе (2008 г.), Рыме (2010 г.), Вене (2012 г.), Фаціме (2015 г.), – распавядае Уладзіслаў Валаховіч, дырэктар Дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы». – А потым здарыўся Covid-19 і ўсё прыпынілася. Гэта стала штуршком да таго, каб мы рашыліся арганізаваць штосьці падобнае і ў нас”.
Заручыўшыся падтрымкай з боку Касцёла ў Беларусі, месцам для сустрэчы абралі горад Навагрудак. Па дамоўленасці з мясцовай парафіяй св. Міхала Арханёла, рэкалекцыйны дом забяспечыў за ахвяраванне ўдзельнікам з’езду харчаванне і пражыванне.
Штогод у малітоўным кангрэсе ўдзельнічае 80-120 чалавек. Запрашаюцца актывісты pro-life, члены сямейных малітоўных рухаў, удзельнікі акцыі духоўнага ўсынаўлення, тыя, хто пакутуе ад абортаў у сваіх сем’ях, выпускнікі школ сямейнага жыцця, а таксама ўсе, каму неабыякава будучыня інстытута сям’і. Тут разам моляцца, слухаюць лекцыі, сведчанні, дзеляцца вопытам сужэнскага жыцця і выхавання дзяцей, разважаюць над духоўнымі пагрозамі.
Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2024 годзе ў Беларусі зарэгістравана 46,2 тысяч шлюбаў і 34,9 тысяч разводаў. Колькасць новых сямейных саюзаў у параўнанні з папярэднім годам зменшылася больш чым на чвэрць.
У Беларусі штогадова праводзіцца каля 3,5 тысяч працэдур ЭКА, у выніку якіх нараджаецца 800-1000 дзяцей (прыкладна 1% ад усіх нованароджаных).

На мерапрыемства прыязджаюць цэлымі сем’ямі, разам з дзецьмі. “Мы адмыслова ладзім кангрэс падчас восеньскіх школьных канікул, каб сям’я магла прыехаць у поўным складзе, – зазначае Уладзіслаў Валаховіч. – Для дзяцей гэта таксама чаканая падзея! Аніматары рыхтуюць для іх асобную насычаную праграму. Пра наймалодшых на мерапрыемстве клапоцяцца нянькі”.
Пакаяннае набажэнства
Візітнай карткай малітоўнага кангрэсу ў абарону жыцця з’яўляецца пілігрымка пакаяння з Навагрудка ва Уселюб. Удзельнікі з’езду ідуць пешшу 14 кіламетраў, несучы 52 белых крыжа на знак зачатых дзяцей, якія штодзень гінуць у нашай краіне па прычыне абортаў (18 980 – 2020 г.). І хоць афіцыйная статыстыка за апошнія гады паказвае тэндэнцыю да змяншэння колькасці эпізодаў штучнага перарывання цяжарнасці, трэба ўлічваць, што шмат эмбрыёнаў знішчаюцца таксама праз унутрыматачныя спіралі, гарманальныя сродкі і падчас ЭКА.
“У міжнароднай праграме малітоўных кангрэсаў у абарону жыцця таксама мелася частка з пакутнай пілігрымкай. Але зазвычай яна больш нагадвала «працэсію» – дарога 1-1,5 кіламетры да абартарыяў або святых месцаў. Наш жа край проста створаны для пілігрымавання, таму маем «доўгую» пілігрымку. Людзі яе любяць, ідуць са сваімі дзецьмі, – зазначае Уладзіслаў Валаховіч. – Ды і само месца для пешага паломніцтва было выбрана нездарма. У касцёле ва Уселюбе знаходзіцца фігура Маці Божай у бласлаўлёным стане, да якой звяртаемся як да Заступніцы ў справе абароны зачатага жыцця”.
Папярэднічае пілігрымцы начная адарацыя перад Найсвяцейшым Сакрамантам, а пасля вяртання з яе адбываецца галоўная падзея – св. Імша з урачыстым актам перапрашэння за грахі беларускага народа супраць жыцця і сям’і (аборты, разводы, распуста, кантрацэпцыя, ЭКА і інш.). “Людзі ляжаць крыжам, просячы Бога аб прабачэнні для сябе, сваіх бацькоў, блізкіх, знаёмых і ўсяго грамадства. Адбываецца маштабны акт усенароднага пакаяння”, – гаворыць Уладзіслаў Валаховіч.
Супраць цывілізацыі смерці
Дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы”, які выступае ініцыятарам і арганізатарам малітоўнага кангрэсу ў абарону жыцця, з’яўляецца найбуйнейшай беларускай prolife-арганізацыяй. Яна была ўтворана ў 2009 годзе з мэтай абароны чалавечага жыцця з моманту зачацця да натуральнай смерці.
Сёння офісы фонду ёсць у Магілёве і Віцебску, а валанцёры прысутныя ва ўсіх найбуйнейшых гарадах Беларусі, у т. л. і ў Гродне. Сярод іх сужэнцы, студэнты і выкладчыкі, настаўнікі і выхавацелі, медыкі, псіхолагі і інш.
“Мы праводзім перадабортнае кансультаванне ў жаночых кансультацыях, а таксама па тэлефоне даверу, які працуе кругласутачна, – дзеліцца дырэктар дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы». – У выпадку, калі жанчына ў крызіснай сітуацыі адмовілася рабіць аборт, дапамагаем ёй псіхалагічна, духоўна, матэрыяльна. Дарэчы, за час дзейнасці нашага фонду ад пагрозы аборту было ўратавана 135 зачатых дзяцей! Мы выступаем таксама у школах, каледжах, універсітэтах з дакладамі на тэму традыцыных сямейных каштоўнасцей. Нашы лекцыі і семінары штогод наведваюць агулам 6-7 тысяч слухачоў”.
Валанцёры дабрачыннага фонду “Адкрытыя сэрцы” праводзяць рэгулярныя малітвы ў абарону жыцця ў супрацоўніцтве з душпастырствамі сем’яў у парафіях, а таксама дапамагаюць сужэнствам з дыягназам “бясплоднасць”.
“Ужо тры гады мы займаемся рэканструкцыяй будынка ў Магілёве, дзе хочам адкрыць Цэнтр абароны жыцця. Там размесціцца наш галоўны офіс, а таксама прытулак для жанчын, якія адмовіліся ад аборта, – накшталт Дома самотнай маці, які існуе ў Гродне. Акрамя таго, мы плануем выдзеліць гэтае памяшканне для правядзення курсаў па падрыхтоўцы да родаў, семінараў па метадах распазнавання плоднасці, рэкалекцый «Вінаграднік Рахілі». Там можна будзе ладзіць летнікі для моладзі, а таксама стварыць студыю відэазапісу. Яшчэ добрых некалькі гадоў спатрэбіцца, каб давесці да канца тое, што было задумана... Удзячныя ўсім ахвярадаўцам, якія нас падтрымаюць”.
Ангеліна Пакачайла
