
Гісторыя Касцёла перадае, што былі такія святыя, да якіх прыходзілі чыстцовыя душы. Дзякуючы сваёй вялікай чуласці да духоўнага свету, гэтыя святыя былі здольныя бачыць душы памерлых, уступаць з імі ў кантакт і нават весці размовы.
Успамін усіх памерлых вернікаў адзначаецца ў Касцёле 2 лістапада.
Многія людзі атрымалі ласкі праз заступніцтва св. Айца Піо з П’етрэльчыны. Сам святы пры жыцці лічыў сваёй асаблівай задачай дапамогу памерлым, якія пакутуюць у чыстцы. Ён ахвяроўваў асабістыя пакуты і малітву ў асноўным у дзвюх інтэнцыях: за грэшнікаў, каб яны навярнуліся і акунуліся ў акіян Божай міласэрнасці, і за душы, якія пакутуюць у чыстцы, каб былі вызвалены ад мукі і маглі як найхутчэй убачыць аблічча Бога.
Жаданне несці палёгку памерлым, якія чакаюць неба, нарадзілася і развівалася ў стыгматыка дзякуючы размовам з чыстцовымі душамі. Таму ён добра ведаў, як выглядае чысцец, як пакутуюць душы, аддадзеныя на ачышчэнне, перш чым змогуць пераступіць парог раю.
У жыццярысе святога мы можам прачытаць, як аднойчы а. Піо спыніў пасілак і раптоўна выйшаў са сталовай. Двое занепакоеных братоў пайшлі за ім. Яны пачулі, што святар з кімсьці размаўляе. Пазней ён патлумачыў: “Я размаўляў з некалькімі душамі, якія пакідаюць чысцец і знаходзяцца на шляху да неба; яны прыйшлі падзякаваць мне за ўзгадванне іх на св. Імшы”.
У наступны раз а. Піо і яго сабраты пачулі звонку радасныя воклічы і стрэлы. Зірнуўшы ў акно, нікога не ўбачылі. А. Піо супакоіў братоў: “Гэта памерлыя (у час І Сусветнай вайны – заўв. аўт.) салдаты прыйшлі, каб падзякаваць мне за малітву і ахвяру, якія дапамаглі хутчэй адчыніць для іх брамы неба”.
Стыгматык быў здольны таксама прыносіць суцяшэнне ў сем’і памерлых, даючы канкрэтны адказ на пытанне, ці бачаць ужо іх блізкія Божае аблічча. Гэта адбывалася часта, у вельмі розных абставінах і датычылася нават тых памерлых, якія былі вялікімі грэшнікамі і адчувалі скруху толькі ў апошнія хвіліны свайго жыцця. Пра іх збаўленне ці прабыванне ў чыстцы а. Піо гаварыў з непахіснай упэўненасцю, якая напаўняла яго сэрца ў час малітвы.
Аднойчы святы сказаў, што калі Езус пакліча яго да сябе, то папросіць Бога пакінуць яго ў свеце, бо хоча па-айцоўску весці ў рай кожнага, хто да яго звернецца. Па словах містыка, не скончыў бы сваёй вялікай місіі, пакуль не трапіў на неба астатні з яго духоўных дзяцей, – і толькі тады ўвайшоў бы туды апошнім.
У лістападзе – месяцы асаблівай і інтэнсіўнай малітвы за памерлых – будзем успамінаць тых, каго ўжо няма побач. А такіх людзей па меры таго, як ідзе час і мінаюць гады, становіцца ўсё больш. Несумненна, гэтай малітвы будзе шмат: на могілках, у касцёле, у цішыні нашых дамоў… Чым бліжэй будзем да Бога, тым больш паспяховай будзе малітва за памерлых, а ў выніку мы будзем часцей атрымліваць задачу маліцца, як святыя, і пакутаваць за іх.
Ці ўбачым нашых памерлых яшчэ ў гэтым жыцці? Ці прыйдуць яны наведаць нас? Усё залежыць ад Божага рашэння. Найважнейшае ж тое, што калісьці мы іх наведаем, ці, хутчэй, застанёмся ўжо з імі назаўсёды. Гэта адбудзецца тады, калі самі пяройдзем на іншы бок…
Пан падрыхтаваў для чалавека жыллё ў небе – там наша сапраўдная айчына. Таму давайце ж прыкладваць усе старанні, каб трывала імкнуцца да дадзенай мэты, падтрымліваць адзін аднаго на гэтым шляху, не забываючы пра тых, хто праходзіць балючы этап ачышчэння ў чыстцы. Памерлыя, напэўна, не забываюць пра нас, пра што неаднаразова даюць знаць.
Кс. Юрый Марціновіч
