
26 кастрычніка прыпадае першая гадавіна інгрэсу біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя. Пра тое, якімі былі пачаткі і які курс абраў ардынарый у пастырскім служэнні, – у спецыяльным інтэрв’ю для “Слова Жыцця”.
– Экцэленцыя, якім быў для Вас першы год служэння на пасадзе біскупа?
– Гэты год я ўспрымаю як вялікі дар Божай міласэрнасці і як шлях вучня. Ён быў насычаны сустрэчамі, адкрыццямі, малітвай і ўдзячнасцю.
Я распачаў пастырскую паслугу ў дыяцэзіі, якая ўжо мае глыбокія духоўныя карані, добрую арганізацыю і вялікі чалавечы патэнцыял. Гэта не пачатак з нуля, а працяг прыгожай гісторыі, напісанай шматгадовым служэннем майго папярэдніка Яго Эксцэленцыі біскупа Аляксандра Кашкевіча. Дзякуючы яго мудрасці, цярплівасці і вернасці, Касцёл на Гродзеншчыне стаў моцным і ўпарадкаваным арганізмам, дзе развіваецца святарскае пакліканне, дзе дзейнічае семінарыя, дзе існуюць разнастайныя душпастырствы і шмат актыўных парафій. Мой удзел у гэтым працэсе – гэта, хутчэй, працяг і паглыбленне таго, што ўжо было з любоўю пасеяна. Таму першы год служэння стаў для мяне, перадусім, школай слухання і разумення: слухання Бога, святароў, вернікаў, жыцця самога Касцёла.
Гэта таксама быў час пакоры – калі бачыш, што шмат зроблена і што трэба не разбураць, а берагчы, развіваць, умацоўваць дух адзінства. І, канешне, час радасці, бо кожная сустрэча з жывой верай людзей прыносіць надзею і ўпэўненасць, што Касцёл сапраўды жыве.
– За апошні год Касцёл на Гродзеншчыне сапраўды нібы адчуў новы подых. Як бы Вы ахарактарызавалі гэты час з пункту гледжання “галавы статка”?
– Я назваў бы гэты час не пераменай, а абнаўленнем у Святом Духу. Усё, што жыве, патрабуе дыхання, і час ад часу – новага подыху. Але гэта не азначае, што раней яго не было. Наадварот, той “падмурак”, на якім мы сёння стаім, з’яўляецца моцным менавіта дзякуючы 33 гадам служэння біскупа Аляксандра.
Тое, што цяпер бачым – павелічэнне актыўнасці моладзі, больш адкрытую камунікацыю, развіццё сацыяльных і адукацыйных ініцыятыў, – натуральны плён доўгага і вернага пасеву. Мы працягваем гэтую працу, шукаючы новыя шляхі, каб дасягнуць сэрца сучаснага чалавека. Гэта не новы курс, а той самы шлях – толькі з новым крокам, з новай энергіяй і новымі пакліканнямі.
Мне вельмі блізкая думка папы Францішка, што Касцёл павінен быць “сімфоніяй розных галасоў”, а не сола аднаго чалавека. І я бачу, што ў Гродзенскай дыяцэзіі гэтая “сімфонія” сапраўды гучыць: святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі ствараюць жывы аркестр Касцёла. Гэта вялікая радасць для біскупа.

– Што падтрымлівае Вас у нялёгкім біскупскім служэнні?
– Найперш, прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі. Без Яго ўсё пустое, з Ім усё магчыма. Кожны дзень стараюся знаходзіць хвіліну цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамантам, каб успомніць: гэта не мая справа, гэта Яго справа.
Другое – людзі. Калі бачыш святароў, якія ахвярна працуюць у парафіях, манаскіх сясцёр, што з любоўю служаць дзецям, хворым, бацькоў, якія вучаць дзяцей малітве, моладзь, якая шукае Бога – усё гэта натхняе мацней, чым любыя словы. І я заўсёды адчуваю, што ў дадзенай справе мы разам.
Мяне таксама падтрымлівае прыклад і сведчанне майго папярэдніка. Калі думаю пра біскупа Аляксандра, бачу ў ім пастыра, які пакінуў пасля сябе Касцёл з тварам: усталяваны, моцны, духоўна здаровы. Я імкнуся працягваць тую спадчыну з удзячнасцю, не перакрэсліваючы, а паглыбляючы, бо Касцёл – гэта жывы арганізм, які дыхае гісторыяй сваіх людзей і адкрываецца на Божае заўтра.
І, нарэшце, падтрымлівае мяне любоў людзей. Калі пасля св. Імшы падыходзіць старэйшая асоба і кажа: “Мы молімся за Вас”, – гэтага дастаткова, каб зноў рухацца наперад. Вядома, за ўсім стаіць Божая ласка, якая дзейнічае праз сэрцы тых, хто верыць. Для мяне гэта як напамін слоў нашага Збаўцы: “Хопіць табе Маёй ласкі” (параўн. 2 Кар 12, 9).
Ангеліна Пакачайла
