
Уваскрасенне для памерлых і жывых
Сёлета Успамін усіх памерлых вернікаў прыпадае на нядзелю, дзень уваскрасення Госпада. І збег гэтых акалічнасцей нагадвае нам чарговы раз праўду пра тое, што смерць азначае не канец, а, наадварот, пачатак новага жыцця з Уваскрослым. “Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены. Кожны ў свой час: першы Хрыстос, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага” (1 Кар 15, 22–23).
Калі чалавек памірае, асабліва пасля цяжкай хваробы, пра яго гавораць: “Адмучыўся”. Гэта не да канца праўда: супакой чакае толькі таго, хто адыходзіць з гэтага свету, з’яднаны з Богам. “Бо Ты – уваскрасенне, жыццё і супакой заснулага слугі Твайго, Хрысце Божа наш”, – прамаўляе падчас малітвы за памерлага святар візантыйскага абраду.
На шчасце, мы не ведаем, хто са спачылых ідзе ў неба, а хто – на вечнае асуджэнне. Гэта дазваляе нам малітоўна дапамагаць кожнаму, не дзелячы памерлых на “збаўленых” і “асуджаных”. Таму кожны хрысціянін, следам за вернікамі ўсходняй традыцыі, можа прасіць: “Божа духаў і ўсякага цялеснага стварэння, што зваяваў смерць і д’ябла перамог, і дараваў свету Твайму жыццё, супакой душу заснулага слугі Твайго ў месцы светлым, месцы радасным, месцы спакойным, дзе няма ні болю, ні суму ні плачу; усякую правіну, зробленую ім словам, учынкам і думкаю, Ты як добры і Чалавекалюбны Бог прабач яму”.
Надзея на ўваскрасенне – гэта не толькі пра тых, што памерлі, гэта таксама і пра нас, жывых. “Крыніца кожнай добрай справы – надзея на ўваскрасенне, бо чаканне ўзнагароды ўмацоўвае душу ў добрай дзейнасці”, – пісаў св. Кірыл Ерусалімскі ў IV стагоддзі. Напэўна, гэтыя словы не страцілі актуальнасці і сёння.
Давайце працягнем працу над сабой, барацьбу са сваімі слабасцямі, дапамогу і служэнне бліжнім ды Госпаду, каб атрымаць годную ўзнагароду – вечнае жыццё з Богам.
А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду
