Skip to main content

Моладзь са Шчучына здзейсніла пілігрымку ў Тракелі як падрыхтоўку да сакрамэнту канфірмацыі

szcz moladz 28У межах падрыхтоўкі да сакрамэнту канфірмацыі моладзь са Шчучына здзейсніла пілігрымку ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Падчас святой Імшы ў санктуарыі 27 красавіка маладыя людзі прасілі аб патрэбных ласках для годнага прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці. У гаміліі а. Віталій Слука SP звярнуў увагу на тое, што не трэба баяцца несці Езуса ў свет. Больш за тое, пасля прыняцця сакрамэнту канфірмацыі гэта становіцца нашым абавязкам.

Далей пілігрымы адправіліся ў Ліду. У парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі маладыя людзі разважалі аб хрысціянскай веры. Падчас працы ў групах былі створаны правілы, якімі павінен карыстацца кожны веруючы чалавек. Таксама моладзь прапанавала некалькі сцэнак, якія звярнулі б увагу людзей на Езуса і Касцёл.

Шчучын – Тракелі – Ліда – гэта шлях, які стаўся для моладзі гэтай парафіі ўжо традыцыйным. Кожны год вясною моладзь са Шчучына пераадольвае яго, каб лепей падрыхтавацца да сакрамэнту канфірмацыі.

Анастасія Цыбульская