20 верасня двое студэнтaў трэцяга курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўпершыню надзелі духоўную вопратку – сутаны. Гэтымі студэнтамі сталі Станіслаў Бервячонак і Уладзіслаў Прыгун, абодва з Віцебскай дыяцэзіі.
Урачыстая Імша, на якой быў здзейснены абрад ускладання сутан, цэлебравалася ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя.
Узначаліў цэлебрацыю старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а біскуп Віцебскі здзейсніў благаслаўленне сутан.
У літургіі ўдзельнічалі біскупы эмерыты Аляксандр Кашкевіч і Казімір Велікаселец, святары, якія працуюць у гродзенскай семінарыі, на чале з рэктарам кс. канонікам Віталіем Вайцяхоўскім, семінарысты і іх блізкія.
Падтрымаць малітвай студэнтаў, якія рыхтуюцца да святарства, прыйшлі таксама вернікі розных парафій.
У гаміліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, звяртаючыся да семінарыстаў, сказаў, што “людзі ўжо глядзяць на іх як на святароў”, заахвоціў іх “ісці за Хрыстом, перажываць усе цяжкасці і радасці з Ім і праз Яго”.
Арцыбіскуп адзначыў, што сутана – знак адданасці Богу і сведчанне для іншых, не проста знешні сімвал, а абавязацельства жыць у адпаведнасці з вучэннем Езуса.
Іерарх заклікаў усіх вернікаў маліцца за тых, хто рыхтуецца да святарства, за святароў, каб яны былі вернымі Хрысту, а іх служэнне было плённым і поўным ласкі, і аб новых пакліканнях да святарства, манаскага жыцця і місіянерскай дзейнасці.
Арцыбіскуп падзякаваў кіраўніцтву семінарыі і ўсім яе супрацоўнікам за руплівую працу, перадачу ведаў, дзяленне сваім прыкладам веры і жыцця.
Семінарысты, якія надзелі духоўную вопратку, выказалі падзяку Богу за пастаяннае суправаджэнне і ласкі, а таксама паабяцалі выражаць у штодзённай малітве сваю ўдзячнасць тым, хто дапамагаў ім у фармацыі і ў падрыхтоўцы да гэтай падзеі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі