20 верасня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўрачыста распачаўся навучальны год. Сёлета вучобу ў семінарыі распачалі ў агульнай колькасці 42 студэнты.
Цырымонія адкрыцця навучальнага года адбылася ў зале св. Яна Паўла ІІ, у ёй удзельнічалi старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскупы эмерыты Аляксандр Кашкевіч і Казімір Велікаселец, кіраўніцтва, выкладчыкі і іншыя супрацоўнікі семінарыі, духавенства, законныя сёстры, семінарысты і іх блізкія.
Біскуп Гродзенскі ў прывітальным слове параўнаў новы навучальны год з “новай старонкай, на якой Пан Бог праз вашыя намаганні і Сваю ласку хоча напісаць гісторыю паклікання, вернасці і святасці”. “Сёлета гэты пачатак набывае яшчэ глыбейшае значэнне, таму што супадае з асаблівым часам для ўсёй касцёльнай супольнасці — з Юбілейным годам, які праходзіць пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”. Гэта не проста прыгожыя словы, а праграма жыцця, дарога, якой трэба ісці. Бо ўсё наша існаванне, уласна кажучы, з’яўляецца пілігрымаваннем”, – сказаў іерарх.
Звяртаючыся да семінарыстаў, ён адзначыў, што яны “асабліва пакліканыя разумець і перажываць гэтую праўду” і што іх шлях у семінарыі — “не толькі вывучэнне тэалогіі і філасофіі, не толькі фармацыя розуму і характару, а найперш шлях сэрца, пілігрымка да ўнутранай свабоды, да глыбокага пачуцця адказнасці за Божы народ, да ўсё большай падобнасці да Хрыста — Добрага Пастыра”.
Біскуп дадаў, што “Хрыстус — сапраўдны Настаўнік і Той, хто вядзе нас у гэтым пілігрымаванні”, і што “сённяшні свет моцна прагне надзеі, у ім патрэбныя святары, якія будуць знакамі надзеі, якія сваім жыццём і служэннем пакажуць, што Бог жывы, блізкі, што Ён любіць чалавека”.
Па словах іерарха, Бог кажа кожнаму з семінарыстаў: “Ты — мая надзея для гэтага народа”, а іх прабыванне ў семінарыі – “сведчанне таго, што Касцёл жыве і будзе жыць, асабліва каштоўнае ў наш час, калі пакліканні бываюць рэдкімі і патрабуюць адвагі”.
Біскуп выказаў падзяку кіраўніцтву і ўсім супрацоўнікам семінарыі, адзначыўшы, што іх праца “будуе будучыню Касцёла”. Ён пажадаў, каб новы навучальны год стаў для семінарыстаў “годам не толькі вучобы, але і духоўнага сталення”, “часам Божай ласкі, Божай прысутнасці, часам надзеі і плённай працы дзеля будучыні Касцёла”. “Няхай кожны дзень вучобы, малітвы і служэння робіцца крокам на шляху да святасці і да таго, каб стаць сапраўднымі пастырамі паводле Божага сэрца”, – сказаў іерарх.
Прэфект семінарыі кс. Ян Раманоўскі прадставіў справаздачу за мінулы навучальны год, у межах якога семінарыстам прапаноўваліся насычаная адукацыйная праграма і душпастырскія практыкі.
Па традыцыі адбылася лекцыя на пачатак навучальнага года. Яе прачытаў вікарый лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. Андрэй Скамарошка, тэма лекцыі – “Пра літургію пасля літургіі”.
Да студэнтаў семінарыі звярнуўся таксама арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які пажадаў ім не стамляцца на шляху да святарства.
Адзінаццаць студэнтаў прапедэўтычнага курса атрымалі заліковыя кніжкі і студэнцкія білеты. Яны падзякавалі выкладчыкам і старэйшым семінарыстам за цёплы прыём у супольнасць гэтай навучальнай установы.
Затым у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылася Імша, на якой студэнты трэцяга курса семінарыі ўпершыню надзелі духоўную вопратку – сутаны.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі