Skip to main content

ХІІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

Сёняшняе Евангелле некалькі разоў кіруе да нас словы “не бойцеся”. Сучасны чалавек мае шмат страхаў: перад будучыняй, хваробай, палітычнай і эканамічнай стабільнасцю, працай, заробкам і г.д. Але Хрыстос заклікае нас не гэтага баяцца, але таго, што можа пагубіць нашую душу. Для нас хрысціянаў не можа быць большага страху, як страх перад грахом і адыходам ад Бога, бо “неспакойнае нашае сэрца пакуль не адпачне ў Богу”. Толькі Хрыстос дае спраўднае шчасце і радасць, толькі праз крыж можа існаваць уваскрасенне.

Страх, боязнь – гэта наступства нашага недаверу Богу. Мы давяраем усім, але не Богу – стаматолагу, які хоча выратаваць здаровы зуб, вадзіцелю аўтобуса, што давязе нас на месца прызначэння, лекам, што зменшаюць боль і г.д. верым, што ўсе гэтыя людзі хочуць нашага дабра. Але чаму не давяраем Богу, які з’яўляецца любоў, які стварыў нас і адкупіў крывёй Свайго Сына, мы не давяраем. “У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вы вартыя больш за мноства вераб’ёў”, - гэта азначае, што Бог турбуецца аб нас, Ён перажывае за нас, Яго любові хапае на ўсіх, і Ён кожнага кахае так моцна, як бы я адзін быў на зямлі. Калі я сапраўды паверу ў Яго любоў і адчую яе – нічога не буду баяцца, бо мой Бог Усемагутны і няма нічога немагчымага для Яго.

Будзем прасіць Духа Святога, каб умацоўваў у нас веру, каб мы негледзячы на розныя цяжкасці давяралі толькі Богу.