Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй прызначыў кс. Віталія Сідорку, пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе i біскупскага вікарыя па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне, ганаровым канонікам катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.
Аб прызначэнні было абвешчана 14 верасня на адпустовай урачыстасці ў касцёле лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, дзе біскуп Гродзенскі цэлебраваў Імшу.
Надаючы святару ганаровы тытул, біскуп жадае падзякаваць яму за штодзённае адданае служэнне ў дыяцэзіі.
Ксёндз Віталій Сідорка нарадзіўся 17 красавіка 1983 г., паходзіць з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат). 26 мая 2007 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
Быў прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У 2018 г. абараніў на тэалагічным факультэце Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ у Любліне (Польшча) доктарскую дысертацыю пад назвай “Паходжанне, паўстанне і арганізацыя Гродзенскай дыяцэзіі 1991-2011”.
У 2019 г. стаў пробашчам новаўтворанай лідскай парафіі св. Юзафа, Рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка. Разам з мясцовымі вернікамі ажыццяўляў будаўніцтва парафіяльнага касцёла.
У кастрычніку 2024 г. быў прызначаны пробашчам лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, змяніўшы на гэтай пасадзе цяперашняга біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, які ўзначальваў парафію на працягу больш чым дваццаці гадоў. У лістападзе 2024 г. быў прызначаны біскупскім вікарыем па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне на тэрмін пяці гадоў.
Выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра ў Гродне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі