Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў у Адэльску святкаванні ўрачыстасці Усіх Святых і ўспаміну ўсіх памерлых

usesw 7

Святкаванні ўрачыстасці Усіх Святых і ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) узначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Гэта родная парафія іерарха.

Раніцай 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, арцыбіскуп цэлебраваў у адэльскай парафіі Імшу.У гаміліі ён адзначыў, што гэты дзень дае магчымасць ушанаваць святых, якія вядомыя і невядомыя нам, але заўсёды вядомыя Богу, – “можна сказаць, недаацэненых герояў”, – і “паказвае, што Бог заўважае змаганні ўсіх людзей на шляху да святасці”.

Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што літургічныя чытанні гэтага дня “нагадваюць, што Божая любоў распаўсюджваецца на кожнага чалавека – гэта азначае, што ўсе пакліканы да святасці і ніхто не выключаны”.

Іерарх дадаў, што святыя ўтвараюць той Касцёл, які трыўмфуе, бачаць Бога, які ёсць любоў, тварам у твар; душы, якія знаходзяцца ў чыстцы, утвараюць Касцёл, які пакутуе, але адначасова адчуваюць Божую любоў, бо ведаюць, што пасля ачышчэння ўвойдуць у радасць неба; жывыя ўтвараюць той Касцёл, які пілігрымуе і змагаецца, і таксама адчуваюць любоў Бога, які піша гісторыю.

Арцыбіскуп нагадаў, што восем благаслаўленняў, пра якія кажа Езус Хрыстус у Евангеллі, з’яўляюцца крытэрыем святасці і даюць людзям надзею.

Па словах іерарха, урок урачыстасці Усіх Святых у тым, што “Бог ацэньвае нас па іншай шкале, чым людзі, якія часта не заўважаюць нашых змаганняў за жыццё ў Божай ласцы; у Бога іншая калькуляцыя, і мы знаходзімся на Яго “плацёжцы”, якой з’яўляецца вечнае шчасце”.

Арцыбіскуп заахвоціў браць прыклад са святых, даверыцца Божай любові і жыць паводле васьмі благаслаўленняў Хрыста, якія назваў шляхам да неба.
Вечарам 1 лістапада, напярэдадні ўспаміну ўсіх памерлых, на адэльскіх могілках прайшла працэсія за памерлых, якую ўзначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч. Пасля ён цэлебраваў на могілках Эўхарыстыю.

У гаміліі іерарх сказаў, што з чалавекам адбываецца гэтак жа, як з прыродай, якая восенню замірае, а вясной ажывае: фізічны адыход чалавека не азначае адыходу духоўнага. Ён заўважыў, што свята памерлых – лагічны працяг свята ўсіх святых, яно падкрэслівае праўду веры аб еднасці святых. “Смерць не будуе бар’ераў паміж жывымі і памерлымі, бо ўсе мы аб’яднаны ў Містычным Целе Хрыста, якое перасякае межы жыцця і смерці. Таму мы сваёй малітвай з’яднаныя з памерлымі”, – адзначыў арцыбіскуп.

usesw 4

Ён дадаў, што хрысціянам трэба глядзець на смерць праз прызму праўды Уваскрасення Хрыста: “у яе святле смерць з’яўляецца не канцом нашага існавання, а пераходам у іншае вымярэнне; таму на могілках мы павінны шукаць не памерлых, а тых, якія жывуць у Бога”. “Магіла – толькі знешняя абалонка, бо душы памерлых у Божых руках, – сказаў арцыбіскуп. – Мы наведваем могілкі, бо верым у вечнае жыццё. Хрысціянства адрозніваецца ад іншых рэлігій тым, што дае надзею на ўваскрашэнне”.

Арцыбіскуп нагадаў, што “памерлыя не могуць дапамагчы сабе самі, таму маюць патрэбу ў нашых малітвах і адпустах, якія з’яўляюцца ключом да неба”. “Таму мы не павінны ленавацца перакруціць гэты ключ у дзвярах, якія вядуць у краіну вечнага шчасця”, – падкрэсліў ён.

Іерарх назваў чысцец, пра які кажа каталіцкае вучэнне, праявай Божай міласэрнасці, бо чысцец “дазваляе душам, якія ў ім знаходзяцца, ачысціцца са сваіх правінаў”. “Мы, жывыя, можам паскорыць гэты працэс ачышчэння”, – дадаў арцыбіскуп.

Па яго словах, “успамінаючы памерлых, мы павінны памятаць і пра сябе: няма лепшага настаўніка, чым магіла, – яна вучыць нас мудрасці і пакоры, вучыць таму, якое значэнне мае час, кажа пра нікчэмнасць матэрыяльных каштоўнасцяў”. “Са смерцю мінае слава гэтага свету, – сказаў іерарх. – Маці-зямля абдымае ўсіх – багатых і бедных, адукаваных і простых, маладых і старых, хворых і здаровых. Могілкі – найбольш справядлівае месца ў свеце. Таму мы, жывыя, павінны задумацца аб сваім жыцці, аб тым, ці згоднае яно з Божай воляй, бо для нас прыйдзе час стаць перад Богам-Суддзёй”.

“Наша надзея ў Хрысце. Яна змяняе спосаб успрымання смерці”, – падкрэсліў арцыбіскуп і нагадаў, што хрысціянскі сімвал надзеі – якар, які выкарыстоўваецца падчас шторму на моры, каб карабель не затануў. “Нашае жыццё падобнае да карабля на ўзбураным моры граху і розных спакусаў. Мы не ведаем, з якім багажом станем перад Богам. Магчыма, і нам будзе патрэбна чыясьці малітва. Хрыстус кажа, што благаслаўлёныя міласэрныя, бо і яны спазнаюць міласэрнасць. Молячыся за памерлых, мы праяўляем міласэрнасць да іх і адначасова выпрошваем яе для сябе”, – патлумачыў іерарх.

“З гэтымі дукамі мы становімся сёння над магіламі нашых блізкіх, маючы надзею ў Хрысце, – сказаў арцыбіскуп. – Няхай Ён, як боскі якар, сцеражэ нас ад грахоўных штормаў у пілігрымцы да вечнасці, а нашых памерлых увядзе ў радасць вечнага жыцця”.

2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых, арцыбіскуп цэлебраваў Імшу ў адэльскім касцёле.

У гаміліі ён адзначыў, што ў людзей паўстае пытанне, ці не з’яўляецца малітва за памерлых марнаваннем часу, – бо над імі ўжо адбыўся Божы суд, а акрамя таго існуе выраз: “у магіле няма пакаяння”. На гэтае пытанне іерарх адказаў так: гэтым мы не марнуем час, а выкарыстоўваем яго, каб дапамагчы памерлым, – іх час скончыўся, і яны аддадзены на ласку жывых.

usesw 23

“Урачыстасць Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых – час, калі памерлыя ўваходзяць у свет жывых, а жывыя – у свет памерлых, – сказаў арцыбіскуп. – Мы ідзём да іх з малітвамі, а яны да нас – з перасцярогай: “мы былі такімі, якімі з’яўляецеся вы, а вы будзеце такімі, якімі цяпер з’яўляемся мы”.

“Душам, якія знаходзяцца ў чыстцы, патрэбна наша малітва, – падкрэсліў арцыбіскуп. – Ці застанёмся мы абыякавымі да бацькоў, дзяцей і блізкіх? Як падчас жыцця мы былі патрэбныя адзін аднаму, так і пасля іх адыходу павінны застацца такімі. Гэта патрабаванне любові і ўзаемнай салідарнасці”.
Па словах іерарха, “гаварыць пра смерць нялёгка, але яна з’яўляецца тым, супраць чаго свет дарэмна бунтуе, бо ў яе яшчэ ніхто не выйграў; аднак смерць праз праўду Уваскрасення Езуса вяртае нам надзею на вечнае жыццё, калі мы жывём згодна з Божым законам”.

Арцыбіскуп завяршыў гамілію малітвай: “Бязмежны ў міласэрнасці Божа, выслухай малітвы, якія мы ўзносім за памерлых, і прымі іх у радасць вечнага жыцця ў небе. Нам жа дапамажы жыць так, каб у вечнасці мы маглі далучыцца да іх у Божым Валадарстве”.

Пасля Імшы  прайшла працэсія за памерлых, якую ўзначаліў арцыбіскуп.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі