16 верасня ў Мікелеўшчыне адбылося пахаванне кс. Яна Варанецкага, які быў пробашчам ашмянскай парафіі св. Міхала Арханёла і адышоў у вечнасць ва ўзросце 34 гадоў чатыры дні таму. Парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне (Мастоўскі дэканат) – родная парафія ксяндза Яна.
Днём раней развітанне са спачылым прайшло ў ашмянскай парафіі. Жалобную Імшу ў парафіяльным касцёле цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, гамілію прамовіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. З Ашмян труна з целам спачылага прыбыла да яго роднага дома ў Мікелеўшчыне, а адтуль у працэсіі ў парафіяльны касцёл. Вернікі мясцовай парафіі пасыпалі дарогу да касцёла кветкамі.
У пахавальнай Імшы ўдзельнічала больш чым сотня святароў усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі, у тым ліку біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які ўзначаліў цэлебрацыю, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, вернікі парафій, дзе служыў ксёндз Ян, законныя сёстры, семінарысты, бацькі спачылага – Ян і Антаніна Варанецкія, яго родныя і знаёмыя. На літургіі маліліся аб тым, каб Бог прыняў свайго слугу ў Нябеснае Валадарства.
У гаміліі, кажучы пра смерць ксяндза Яна, біскуп Гродзенскі адзначыў: “Смерць маладога чалавека заўсёды трагічная. Яшчэ цяжэй, калі памірае святар. Бо ў чалавечым сэрцы паўстае пытанне: “Чаму так хутка? Чаму Бог дазволіў гэтаму здарыцца?” Мы не маем адказу на ўсе пытанні. Але вера вучыць нас: жыццё кожнага чалавека – гэта дар і таямніца. А тым больш жыццё святара. Бог дае жыццё і забірае яго ў найлепшы для чалавека момант. Мы глядзім з зямлі і не разумеем, але Бог бачыць з вечнасці і ведае, калі сэрца гатовае ўвайсці ў Яго Валадарства. Вера, у якой мы трываем, вучыць нас бачыць у смерці не канец, а пераход”.
“Ксёндз Ян, як святар, ішоў шляхам веры. Ён вёў людзей, можа, не аднойчы сам баючыся і сумняваючыся, але заўсёды давяраючы Богу, – дадаў біскуп. – Кожнага чалавека чакае сустрэча з Богам. Гэта не суд чалавечы, а суд любові. Там Бог не спытае, колькі ў нас было грошай, колькі дамоў мы пабудавалі. Ён спытае: “Ці любіў ты? Ці прабачаў ты? Ці жыў ты Мной?” Святар жыве ў асаблівай адказнасці: ён нясе людзей да Бога. І сёння мы верым, што ксёндз Ян, стаўшы перад Богам, можа сказаць: “Я імкнуўся служыць, імкнуўся быць верным, імкнуўся весці людзей да Цябе”.
“Калі памірае чалавек, мы губляем яго прысутнасць, але не губляем сувязі, – сказаў іерарх. – Для нас смерць ксяндза Яна – выпрабаванне. Але для яго – уваход у жыццё. Бо ён ішоў шляхам Хрыста, абвяшчаў праўду Хрыста, прыносіў жыццё Хрыста ў сакрамэнтах”.
“Ксёндз Ян атрымаў вялікі дар – пакліканне да святарства, – адзначыў біскуп. – Ягонае жыццё было, можа, кароткае, але плённае ў Божых вачах. Чалавек схільны думаць, што жыццё вартае толькі тады, калі яно доўгае. Але ў Бога іншыя меры. Святы Францішак Асізскі жыў 44 гады, святая Тэрэза з Лізьё — толькі 24, святы Карло Акуціс — 15. Але іх жыццё стала святлом для пакаленняў. Таксама і жыццё ксяндза Яна было кароткім, але поўным. Ён не шукаў славы, не будаваў кар’еры, але пакінуў пасля сябе сляды: у сэрцах людзей, якіх вучыў, якім служыў, за якіх маліўся, якіх любіў”.
Па словах іерарха, “святар — гэта не толькі чалавек для сябе, ён аддае сябе цалкам Богу і людзям”, “святарства не канчаецца разам з жыццём”: “нават адышоўшы з гэтага свету, святар застаецца злучаны з Хрыстом і моліцца за тых, каму служыў”.
Звяртаючыся да родных спачылага, біскуп сказаў: “Вы не страцілі сына, вы перадаеце яго ў рукі Айца Нябеснага. Бог прыняў яго ахвяру святарскага жыцця. І сёння ваш боль злучаецца з болем Марыі, Маці Езуса, якая таксама стаяла пад крыжам свайго Сына. Але Марыя не страціла Сына, а сустрэла Яго ўваскрослым. І вы сустрэнеце свайго сына ў вечнасці. Памятайце, што сувязь з ім не перарываецца. Ён цяпер у доме Айца, і адтуль будзе маліцца за вас, дапамагаць вам у штодзённым жыцці”.
Да святароў іерарх звярнуўся з наступнымі словамі: “Смерць ксяндза Яна — заклік для нас усіх. Мы жывём у свеце, дзе ўсё хутка міне. Смерць нагадвае, што мы таксама павінны быць гатовыя кожную хвіліну да сустрэчы з Панам. Ніхто з нас не ведае дня і гадзіны. Таму варта жыць так, каб заўсёды быць у Божай ласцы, каб наша служэнне было чыстым і поўным любові”. Парафіян біскуп заахвоціў “працягваць тое, што пачаў ксёндз Ян”, “жыць яго верай, якой ён вучыў”.
“Мы ўсе стаім на парозе вечнасці. І ў вечнасць забяром толькі веру, надзею і любоў. Таму не адкладайце дабро на заўтра. Не адкладайце прабачэння. Не адкладайце любові”, – дадаў іерарх.
Біскуп Андрэй Зноска ў канцы літургіі выказаў словы падтрымкі і спачування з нагоды смерці ксяндза Яна ад імя духавенства і вернікаў Пінскай дыяцэзіі.
Ксёндз Андрэй Лішко, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве, які паходзіць з парафіі ў Мікелеўшчыне, ад імя бацькоў ксяндза Яна падзякаваў усім, хто прыбыў на пахаванне, a таксама выказаў падзяку за словы спачування і за ўсялякую падтрымку.
Абрад апошняга развітання са спачылым правёў біскуп Зноска.
Спачылага пахавалі ля парафіяльнага касцёла побач з кс. канонікам Рышардам Якубцам, які быў яго настаўнікам, шмат гадоў узначальваў мясцовую парафію і адышоў у вечнасць у маі 2024 г.
Ксёндз Ян Варанецкі нарадзіўся 15 ліпеня 1991 г., паходзіў з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне.
Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 4 чэрвеня 2016 г. у Гродне. Быў вікарыем парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, затым гродзенскіх парафій Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (дэканат Гродна-Захад) і св. Францішка Ксаверыя (катэдра, дэканат Гродна-Усход).
У ліпені 2024 г. стаў пробашчам ашмянскай парафіі св. Міхала Арханёла. Неспадзявана адышоў у вечнасць 12 верасня.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі