14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, лідская парафія, якая носіць гэты тытул, адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Галоўную Імшу ў межах урачыстасці цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Пастыра Гродзенскай дыяцэзіі шмат звязвае з гэтай парафіяй, паколькі ён на працягу многіх гадоў быў яе пробашчам.
У гаміліі біскуп назваў адпустовую ўрачыстасць “асаблівым днём ласкі, калі Касцёл адкрывае скарбніцу сваіх духоўных дабротаў, калі мы з верай можам прасіць прабачэння і атрымаць поўны адпуст — дар поўнага ачышчэння сэрца”. Кажучы пра крыж, сімвал гэтай парафіі, іерарх адзначыў: “З яго Пан Езус сёння глядзіць на кожную і кожнага з нас. Ён жадае ахапіць нас позіркам, сказаць табе і мне: жыццё Маё аддаў за цябе, бо люблю цябе, чалавек. Так! Любоў прывяла Яго на крыж. Ён, як сапраўдны Слуга Пана, выканаў сваю місію, аддаўшы жыццё, праліўшы сваю Кроў дзеля адпушчэння грахоў”.
Па гэтай прычыне, па словах біскупа, трэба “зрабіць усё магчымае, каб не дазволіць скіраваць сябе на іншы бок, у спакусу злога”.
Адной з такіх спакус ён назваў успрыняцце Езуса Хрыста без крыжа. “Не можа быць Хрыста без крыжа і крыжа без Хрыста, – адзначыў іерарх. – Хрыстус без крыжа – гэта, як казаў Папа Францішак, нейкі духоўны настаўнік, той, хто дае добрыя парады ці некалькі суцяшэнняў. На жаль, сёння ёсць такія, хто хоча на гэтым спыніцца, каму гэтага дастаткова”. “У крыжы, гэтым святым знаку Езуса Укрыжаванага, аб’яўляецца таямніца смерці Сына Божага як найвышэйшы акт любові, крыніца жыцця і збаўлення для людзей усіх часоў. У Яго ранах, умілаваныя сёстры і браты, наша аздараўленне”, – сказаў біскуп.
У якасці другой спакусы ён назваў тое, калі, наадварот, крыж бачыцца без Хрыста: “Чалавек скажа: Пан нас не памятае. Ёсць крыж, але без надзеі. (…) Бог пра нас забыў. Мы – нейкая цацка ў Яго руцэ. Чаму гэта здарылася? Чаму Ён не ўмяшаўся? Чаму не змяніў нашага лёсу? Мы ўнізе, паваленыя, прыгнечаныя цяжарам грахоў, без надзеі”. “Мне здаецца, што сёння гэтая спакуса мае яшчэ іншае аблічча. Яго адкрылі перад намі падзеі апошніх гадоў: пандэмія, узброеныя канфлікты і іншае. Памятаеце яшчэ: сакавік 2020 года, пустая плошча Святога Пятра ў Рыме, адзінокая постаць Папы Францішка і яго словы, якія мы слухалі з затоеным дыханнем, – дадаў біскуп. – Аднак Бог прысутны ў нашым жыццёвым досведзе, у нашых перажываннях. Як? На крыжы! Ён можа нас уратаваць, вызваліць, выбавіць ад нашага эгаізму, ад фальшывых і непатрэбных упэўненасцяў”.
Па словах іерарха, “ёсць толькі адна дарога да вечнасці — дарога праз крыж”: “Без крыжа няма ўваскрасення. Без крыжа, на якім памёр Збаўца свету, няма вечнай радасці”. Біскуп нагадаў, што з таго часу, як святая Алена адшукала ў Ерузалеме гэты крыж, Касцёл пачаў ушаноўваць гэты знак святам Узвышэння Крыжа.
Біскуп прапанаваў кожнаму падумаць над пытаннямі: “Як я гляджу на крыж Хрыста і на мой крыж? Ці веру я, што сапраўдная любоў праходзіць праз крыж, праз ахвяру, як у жыцці Езуса, і што крыж не з’яўляецца мэтай, канцом нашага чалавечага жыцця, як не быў канцом Яго жыцця?” “Крыж – крыніца надзеі. Перад ім мы вучымся бачыць расліну ў зерні, Пасху ў крыжы, жыццё ў смерці”, – патлумачыў іерарх і дадаў, што таямніца крыжа “нанова перажываецца ў Эўхарыстыі”: “Кожны раз, калі ўдзельнічаем у ёй, любоў Хрыста Укрыжаванага і Уваскрослага перадаецца нам як ежа і напой, каб мы маглі браць з Яго прыклад кожны дзень, у канкрэтным служэнні нашым сёстрам і братам”.
Біскуп заклікаў “не саромецца крыжа”, зрабіць так, каб крыж “быў у пачатку і ў канцы нашага дня, у нашых дамах і нашых сэрцах”. “Робячы знак крыжа, мы вызнаём: “Я належу Хрысту, я не адзін, я з Богам”, – адзначыў ён.
У канцы літургіі адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.
Таксама на літургіі было аб’яўлена аб прызначэнні кс. Віталія Сідоркі, пробашча гэтай парафіі i біскупскага вікарыя па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне, ганаровым канонікам катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.
Біскуп заахвоціў парафіян падзякаваць Пану за атрыманне іх пробашчам ганаровага тытулу, а новага каноніка – рупліва служыць Касцёлу і памятаць пра абавязкі, звязаныя з гэтым тытулам: малітву за дыяцэзію, дапамогу ардынарыю дыяцэзіі, захаванне хрысціянскіх традыцый, сведчанне вернасці Богу.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі