Skip to main content

З нагоды пачатку навучальнага года адбылася пілігрымка з Гродна ў Капцёўку

kapciowka 8

14 верасня адбылася пешая пілігрымка з Гродна ў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Капцёўцы. Пілігрымка праходзіць традыцыйна з нагоды пачатку навучальнага года.

Пілігрымы вырушылі з гродзенскай парафіі Святога Духа. Шлях, працягласць якога складае каля дзесяці кіламетраў, удзельнікі прайшлі з малітвай, спевамі, братэрскімі размовамі; у дарозе гучалі разважанні, катэхетычныя словы, сведчанні веры, якія дапамагалі засяродзіцца на сустрэчы з Езусам Хрыстом.

У капцёўскім касцёле пілігрымы ўзялі ўдзел у Імшы, якую цэлебраваў пробашч парафіі. Пасля літургіі была магчымасць памаліцца ў прыватным парадку перад абразом Маці Божай, які знаходзіцца ў гэтай святыні.

kapciowka 4

Як адзначае Вольга Ляховіч, словы “Без крыжа няма збаўлення. Вера без ахвяры — гэта зусім не вера”, якія прагучалі ў гаміліі на Імшы, сталі “падсумаваннем усяго шляху пілігрымаў”. “Вернікі вярталіся з адчуваннем унутранага спакою, падмацаваныя Божай ласкай і радасцю супольнасці.

Пілігрымка яшчэ раз паказала, што вера жыве ў сэрцах людзей і што шлях, пракладзены малітвай, вядзе да сапраўднай сустрэчы з Богам”, – дадае яна і паведамляе, што традыцыя здзяйсняць гэтую пілігрымку аб’ядноўвае вернікаў не толькі з Гродна, але і з усяго рэгіёну, штогод набірае большую сілу, пілігрымка становіцца сапраўдным духоўным святам.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі