З нецярпеннем многія настаўнікі і выхавацелі з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (мікрараён Індустрыяльны) чакалі свайго заслужанага летняга адпачынку. Для іх айцамі Янам Асіповічам і Андрэем Агелем было арганізавана падарожжа ў Польшчу. У вызначаны дзень да групы педагогаў з Ліды далучыліся іх калегі са Шчучына, з парафіі Святой Тэрэзы Авільскай, пад кіраўніцтвам айца Вітальда Пяцельчыца.
Вось і Варшава сустракае падарожнікаў…
Перш за ўсё мы наведалі Санктуарый Маці Божай Настаўніцы Моладзі, дзе адбылася Святая Імша, падчас якой памаліліся, каб наша паездка прайшла запланава. Затым мы наведалі Стары горад. Безумоўна, што візітная картка Варшавы – Каралеўскі дварэц, таму і не дзіўна, што звычайна знаёмства са Старым горадам турысты пачынаюць з Замкавай плошчы, дзе ён і размешчаны. Хочацца адзначыць, што фасад пабудовы хоць і аформлены даволі сціпла, але інтэр’ер па-сапраўднаму раскошны. У цэнтры ж плошчы ўзвышаецца калона, прысвечаная каралю Сігізмунду. Таксама на рыначнай плошчы, якая з’яўляецца адным з самых любімых месцаў для прагулак як гараджан, так і турыстаў, знаходзіцца скульптура Русалкі – сапраўднага сімвала Варшавы, які больш таго ўпрыгожвае герб горада.
Жыцце на Рыначнай плошчы кіпіць: шмат вулічных музыкаў і мастакоў, сувенірных лавак, невялікіх галерэй, а таксама крамаў.
Далей наш шлях ляжаў у кірунку Лавіча, дзе адбылася сустрэча з дырэктарам піярскай школы, які паведаміў нам аб сістэме навучання ў даннай установе, правёў экскурсію па школе. Усе класы тут аснашчаны сучасным абсталяваннем, што, бясспрэчна, станоўча ўплывае на атрыманне глыбокіх ведаў. На наступны дзень наш шлях быў накіраваны да Чэнстаховы – рэлігійнай сталіцы Польшчы. Галоўная славутасць Чэнстаховы – цудатворны абраз Маці Божай, якую таксама называюць Чорнай Мадоннай.
Хочацца сказаць, што мы былі вельмі ўзрушаны магчымасцю ўдзельнічаць ў Св. Імшы, якая была цэлебравана нашымі айцамі менавіта каля галоўнага алтара. Штосьці асаблівае ўскалыхнулася ў кожнага ўнутры, калі адкрываўся абраз Маці Божай. Напэўна, кожны ў гэтую хвіліну, затаіўшы дыханне, глядзеў на абраз, звяртаючыся з просьбамі да Маці Божай, некаторыя выказвалі падзяку, а напрыканцы ўсе абышлі абраз Маці Божай на каленях.
Два дні было адведзена Кракаву і яго наваколлю. Наведванне саляной шахты ў Бохніі застанецца ў нашай памяці як незабыўнае падарожжа. Разам з гідам, апусціўшыся на глыбіню каля 300 метраў, мы апынуліся ў мінулым. Як казаў наш гід, яму заўсёды падчас экскурсій дапамагае дух манаха Цыстэрса, з ордэнам якога звязана знаходжанне солі ў Бохніі. Хочацца адзначыць, што для турыстаў тут даступна адзіная ў свеце мультымідыйная выстава, дзякуючы якой мы пазналі гісторыю дабычы солі на працягу многіх вякоў. Нам таксама пашанцавала пакатацца ў лодцы па падземнай саляной раццэ. Можна з упэўненасцю сказаць, што экскурсія ў шахту не толькі папоўніла нашы веды, але, будзем спадзявацца, многім умацавала здароўе.
У Кракаве таксама наведалі семінарыю айцоў піяраў, дзе нас гасцінна сустрэлі, накармілі смачным абедам, а пасля сардэчна запрасілі на экскурсію па гімназійных і ліцэйскіх класах.
Рыначная плошча ў Кракаве з’яўляецца адной з самых абшырных плошчаў Еўропы, а першай пабудовай, якая кідаецца ў вочы пры ўваходзе на яе з’яўляецца двухвежны Марыяцкі касцёл, з вежы якога кожную гадзіну высоўваецца залатая труба – і на ўсё наваколле пачынаюць ліцца гукі хейнала (сола на трубе, якое кожную гадзіну выконвае спецыяльна навучаны трубач).
Галоўнай славутасцю Кракава, канечне ж, з’яўляецца велічны Вавэльскі замак, які за яго доўгую гісторыю пабачыў шмат каралеўскіх сем’яў. У Вавэлі можна правесці не адну гадзіну: наведаць кафедральны сабор святых Станіслава і Вацлава, абшырны склеп польскіх каралеў, музей і г.д. Уплыў каталіцызма ў Кракаве праследжваецца практычна ва ўсім: пачынаючы ад касцелаў і канчаючы старадаўнімі пабудовамі, на сценах якіх можна сустрэць упамінанне аб святых, вялікіх паходах. На нашу думку, лепш адзін раз убачыць гэту прыгажосць, чым сто разоў пачуць, або тысячу разоў аб ёй прачытаць.
Апошнім пунктам нашага падарожжа стала наведванне Санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках, наведаць які імкнуцца паломнікі з усяго свету. Так, двойчы сюды прыязджаў Папа Ян Павел ІІ (1997 і 2002 гг.). Тут у манастыры сёстраў Божай Маці Мілассэрнасці жыла на працягу пяці гадоў святая сястра Фаўстына, мошчы якой тут і захоўваюцца.
Кожны дзень для нас былі арганізаваны цікавыя сустрэчы, захапляючыя экскурсіі, нас сустракалі гасцінныя людзі, былі падрыхтаваны смачныя абеды, вячэры, камфортныя начлегі.
Чатыры дні нашага падарожжа праляцелі як адно імгненне. Успаміны аб праведзеным часе застануцца надоўга, многія з нас будуць імі дзяліцца яшчэ не адзін месяц. Дзякуючы айцам Андрэю і Вітальду ўсе педагогі атрымалі станоўчы зарад на новы навучальны год.
Галіна Ермалаева,
Ганна Снапко.