Skip to main content

Да сясцёр ордэна Маці Тэрэзы прыйшлі першыя ў гісторыі кандыдаткі з Беларусі

Гэтым летам адзіны ў Беларусі каталіцкі Дом міласэрнасці сясцёр Місіянерак любові (сясцёр Маці Тэрэзы), які ўжо больш за 20 гадоў працуе ў Гомелі, наведалі дзве незвычайныя госці. Гэта першыя з Беларусі дзяўчаты, якія шукаюць сваё пакліканне ў манаскім ордэне Маці Тэрэзы.

 Адна з дзяўчын, якая шукае Божую волю ў сваім жыцці, даўно зацікавілася ордэнам:

- Мяне ўразіла, што сёстры ўсе розныя, з розных краін і кантынентаў, але ўмеюць працаваць разам. Мне больш за ўсё імпануе харызматыка менавіта гэтага ордэна - для мяне ён самы жывы, таму што тут я бачу поўную самааддачу. Я разумею, што калі я ствару сям'ю, то змагу аддаваць сваю любоў мужу, дзецям, і буду шчаслівая там, але ў Бога свая воля на мяне, і калі я буду сярод місіянерак любові, то змагу ўсю сваю любоў дарыць тым, што жыве ў нястачы.

Дзяўчына прыехала ў Гомель, каб бліжэй пазнаёміцца са служэннем у Доме міласэрнасці Маці Тэрэзы:

- Спачатку мяне здзіўляла грубасць людзей, якія прыходзяць па дапамогу ў Дом міласэрнасці. Было б натуральным чакаць ад іх падзякі, а не грубасці. Але потым я зразумела, што мне проста трэба аддаваць ім сваю любоў, нічога не чакаючы ўзамен.

Дзяўчыну ўразіла і тое, што сёстры Маці Тэрэзы самі жывуць у беднасці, напрыклад, сціраюць шмат адзення ўручную, не маючы пральнай машыны і нават праса для сябе:

- Прастата ва ўсім! Яны не проста кажуць, а робяць.

Дарэчы, дзяўчына прызналася, што цяжэй за ўсё падчас яе служэння ў Доме міласэрнасці быў штодзённы пад'ём на малітву ў 4.30 раніцы.

Іншая дзяўчына ўпершыню пазнаёмілася з сёстрамі Маці Тэрэзы на фэсце ў Будславе:

- Я з дзяцінства захаплялася Маці Тэрэзай, чытала пра яе, глядзела перадачы. І ўжо тады ў мяне з'явілася жаданне стаць законніцай у гэтым ордэне. Але я не думала, што сёстры Маці Тэрэзы ёсць у Беларусі. А ехаць кудысьці далёка, не ведаючы ангельскай мовы, я не вырашалася. І як я была здзіўленая, калі ўбачыла сясцёр у Будславе!

Ужо ў першы раз, калі дзяўчына прыехала ў Дом міласэрнасці, яна вырашыла паступіць у ордэн: «Я ўбачыла, што гэтыя сёстры святыя».

Пераломным момантам у яе выбары стаў дзень, калі адна з сясцёр паклікала яе і спытала: хочаш, я пакажу табе майго Ісуса? Сястра падвяла дзяўчыну да ложка, на якой ляжаў чалавек пад прасцінай. Гэта быў звычайны хворы бяздомны, якога толькі што прывезлі ў Дом міласэрнасці.

- З таго часу я ясна ўбачыла, што хачу быць тут, - прызнаецца дзяўчына. - Бацькі пакуль не прымаюць мой выбар, але для сябе я ўжо вызначылася канчаткова. Цяпер усё залежыць ад рашэння сясцёр. Вядома, мяне па-ранейшаму бяруць сумневы, але, як кажуць, свой выбар мы робім кожны дзень. Нагадаем, сёстры ордэна Маці Тэрэзы ў Гомелі займаюцца многімі справамі, за якія мала хто хацеў брацца. Дом Міласэрнасці служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сёстры даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Місіянеркі рыхтуюць абед для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем'яў і адзінокіх старых, працуюць з дзецьмі з малазабяспечаных і праблемных сем'яў. Парафіяне касцёла дапамагаюць у Доме міласэрнасці карміць жабракоў, прыходзячы на працу ў сталовую. Дапамагчы можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак.

Паводле Catholic-gomel.by