Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй прызначыў студэнтаў гродзенскай семінарыі акалітам і кандыдатам да пасвячэння

paslugi seminaria 9

17 верасня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй прызначыў студэнтаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне акалітам і кандыдатам да прыняцця сакрамэнту святарства.

Акалітам стаў студэнт пятага курса Ян Каськевіч, кандыдатам да пасвячэння – студэнт шостага курса Дзмітрый Роўны.

Адпаведны абрад быў здзейснены на Імшы, якую біскуп цэлебраваў у капліцы семінарыі.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што Касцёл — гэта “найперш супольнасць жывога Бога, дзе прысутнічае Хрыстус і дзе мы вучымся, як жыць у веры”. “Хрыстус з’явіўся людзям у целе — гэта таямніца ўцелаўлення, Бог стаў чалавекам. Ён апраўданы Духам — усё Яго жыццё было знакам моцы Духа Святога. Нябёсы сведчылі пра Яго.

Ён абвяшчаўся язычнікам — Евангелле неслі да ўсіх. Ён знайшоў у свеце веру — людзі прынялі Яго як Збаўцу. Ён быў узнесены ў славе, атрымаў канчатковую перамогу, – адзначыў біскуп. – І той, хто становіцца акалітам або кандыдатам да святарства, павінен зрабіць гэтую праўду цэнтрам свайго жыцця”. Па словах іерарха, усё служэнне святароў “павінна весці да гэтага ядра веры: абвяшчаць Хрыста, які прыйшоў, памёр і ўваскрос для нас”.

Звяртаючыся да дваіх семінарыстаў, адзін з якіх стаў акалітам, а другі кандыдатам да пасвячэння, біскуп сказаў: “Для вас гэта вельмі актуальна. Бо вы таксама можаце сустрэць людзей, якія будуць крытыкаваць, не разумець, адкідаць. Але сапраўдная каштоўнасць вашага паклікання пацвердзіцца плёнам вашай вернасці, вашай малітвы, вашага служэння”. “Ваша будучае святарскае служэнне павінна паказваць людзям не вас, а Хрыста: Яго прысутнасць у Эўхарыстыі, Яго слова ў Евангеллі, Яго любоў у вашых учынках”, – звярнуў увагу іерарх.

paslugi seminaria 10

Ён адзначыў, што ў фрагменце Евангелля, які чытаўся на літургіі, “Езус паказвае на дзяцей, якія заўсёды незадаволеныя: калі ім іграюць — яны не хочуць танцаваць; калі плачуць — яны не хочуць спачуваць”. “Гэта вобраз людзей, якія не ўмеюць адказваць, – патлумачыў біскуп. – Яны жывуць толькі сваім настроем, сваімі капрызамі. Такія людзі ніколі не будуць добрымі вучнямі, бо вучань — гэта той, хто слухае і адказвае. Уявім, што ў класе сядзяць два вучні. Адзін заўсёды толькі каментуе, заўсёды ўсё крытыкуе: “Навошта гэта трэба? Чаму так складана? Чаму трэба вучыць? Не бачу тут ніякага сэнсу”. Ён падобны да тых дзяцей з прыпавесці — ні радасці не прымае, ні жалобы не разумее. Другі вучань слухае, стараецца, можа, не ўсё разумее адразу, але прымае і верыць, што настаўнік вядзе яго да ведаў

(…) Дарагія семінарысты! Кожны з вас павінен абраць, кім хоча быць: “капрызным дзіцем” з Евангелля, якое заўсёды незадаволена, ці сапраўдным вучнем, які слухае, прымае і расце”.

“Сёння вы, дарагія браты, паказваеце, што хочаце быць тымі, хто захоўвае і перадае скарб веры. А гэта значыць — стаць вучнямі, а потым і пастырамі, якія вядомыя не крытыкай і капрызамі, а вернасцю, пакорай і плёнам жыцця, – сказаў біскуп семінарыстам. – Служыце з пакораю, маліцеся з даверам, любіце Хрыста, які абраў вас. І памятайце, што перадусім вы заўсёды будзеце слугамі. Святар — гэта той, хто служыць, а не пануе. Хто любіць, а не шукае выгоды. Хто вядзе да Хрыста, а не да сябе”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі