Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй правёў у гродзенскай парафіі Святога Духа катэхезу

alszanka kateheza 2

30 кастрычніка біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй правёў катэхезу ў парафіі Святога Духа ў Гродне. Катэхезы ў гэтай парафіі праходзяць на працягу некалькіх гадоў кожны чацвер.

Катэхеза, якую правёў біскуп, была прысвечана тэме надзеі ў адпаведнасці з дэвізам “Пілігрымы надзеі”, пад якім у Каталіцкім Касцёле праходзіць Юбілейны 2025 год. Іерарх разважаў аб цноце надзеі і аб тым, што рабіць, каб яна не стала звычайнай і незаўважальнай. Ён звярнуў увагу на тое, што фундамент надзеі – крыжовая ахвяра Езуса Хрыста, і распавёў, як цесна звязаны з гэтай надзеяй сэнс жыцця. Біскуп адзначыў, што надзея мае дынамічны характар, яна актыўная і яе сімвалам з’яўляецца крыж.

У канцы сваіх разважанняў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне прапанаваў рэцэпт будавання і ўмацавання цноты надзеі – “не канцэнтравацца на ўспамінах, вучыцца цярплівасці на малітве, зрабіць Божае слова і Эўхарыстыю цэнтрам жыцця”. Біскуп заахвоціў зрабіць гэтыя рэчы фундаментам свайго жыцця.
Пасля катэхезы прысутныя мелі магчымасць задаць біскупу пытанні аб жыцці Касцёла, а таксама падзяліцца духоўнымі перажываннямі. “Усе былі ўражаныя адкрытасцю пастыра дыяцэзіі і яго блізкасцю да людзей”, – паведаміў дыякан Марцін Лудзіч, які служыць у гэтай парафіі.

Ксёндз Валерый Спірыдон, адказны за катэхізацыю дарослых у парафіі Святога Духа, запрашае на штотыднёвыя катэхезы не толькі вернікаў гэтай супольнасці, але і ўсіх ахвотных з Гродна і наваколля.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі