Skip to main content

У Доме міласэрнасці ў Сапоцкіне прайшоў дзень адчыненых дзвярэй

akcja karitas 1

23 кастрычніка ў Доме міласэрнасці “Caritas” у Сапоцкіне ў межах праекта “Тыдзень бацькоўскай любові”, які праходзіў у гэтыя дні ў Беларусі, адбыўся дзень адчыненых дзвярэй.

Асаблівая ўвага была нададзена дзецям са шматдзетных сем’яў Сапоцкіна. “Яны атрымалі ўнікальную магчымасць правесці гэты дзень ва ўтульнай атмасферы нашага Дома міласэрнасці”, – паведамілі нам прадстаўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas”.

Для развіцця творчых здольнасцяў дзяцей быў арганізаваны майстар-клас па размалёўцы драўляных цацак. “Дзеці змаглі праявіць фантазію і стварыць сваімі рукамі ўнікальныя вырабы, атрымаўшы незабыўныя ўражанні і адчуўшы радасць творчасці”, – паведамляюць з дабрачыннага таварыства. Таксама была арганізавана сустрэча з прафесійным псіхолагам – гэта “спрыяла ўмацаванню эмацыйнага здароўя дзяцей і развіццю іх сацыяльных навыкаў”.

Па словах арганізатараў, дзень адчыненых дзвярэй быў насычаным і цёплым. Завяршыўся ён традыцыйным пачастункам, акрамя таго, кожнае дзіця атрымала падарунак, які сімвалізаваў клопат і любоў дарослых.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі