Skip to main content

У Каменцы з удзелам біскупаў памаліліся за кс. Юрыя Свіслоцкага праз трыццаць дзён пасля смерці

30dnej swislocki 5

28 кастрычніка ў касцёле св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адбылася Імша ў інтэнцыі кс. каноніка Юрыя Свіслоцкага з нагоды трыццатага дня пасля яго смерці.

Святар паходзіць з гэтай парафіі, адышоў у вечнасць таксама ў Каменцы і пахаваны на парафіяльных могілках.

Літургію ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Сярод прысутнага духавенства быў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі – аднакурснік спачылага, які ўдзельнічаў у яго пахаванні; таксама прысутнічалі мясцовыя парафіяне і вернікі тых парафій, дзе служыў спачылы.

У гаміліі біскуп Гродзенскі сказаў: “Кожны чалавек, які крочыць дарогамі гэтага свету, ад нараджэння нясе ў сваім сэрцы глыбока запісанае прагненне вечнасці, пэўную інтуіцыю, што жыццё – гэта нешта больш, чым толькі некалькі дзесяцігоддзяў радасцяў і выпрабаванняў, што час, які адмерваецца нам на зямлі, заўсёды будзе занадта кароткім, каб адлюстраваць веліч любові, якую ў нас уліў Стварыцель. Таму мы з верай глядзім туды, дзе пачынаецца сапраўднае жыццё”. Іерарх заўважыў, што фрагмент Апакаліпсіса, змешчаны ў літургічных чытаннях гэтага дня, адкрывае “ велічную перспектыву новага неба і новай зямлі, дзе чалавек, вызвалены ад абмежаванасці і крохкасці, уваходзіць у найглыбейшае адзінства з Богам”.

“Бог перамог смерць. Таму смерць – не гаспадыня жыцця, а толькі вартаўніца дзвярэй, якія адчыняюцца ў Божае Валадарства. І калі мы сёння ўспамінаем ксяндза Юрыя і таямніцу яго адыходу, мы не кажам: “Усё скончылася”, мы кажам: “Бог прывёў яго да самай праўдзівай Айчыны”, – дадаў біскуп.

Ён адзначыў, што “жыццё святара – адказ на Божыя словы: “Прагну быць з табою”. “Бог хоча, каб такая ж любоў, якой Айцец абдымае Сына, цякла ў нашых сэрцах, каб мы сталі прасторай Божай любові для іншых, – сказаў іерарх. – Святарства азначае быць мостам, па якім ідзе Божая ласка, быць святлом, якое не ад сябе свеціць, быць знакам, які вядзе да Неба, быць сэрцам, праз якое Бог любіць свой народ. Жыццё ксяндза Юрыя – гісторыя сэрца, якое Бог зрабіў пераходам у вечнасць для многіх”.

30dnej swislocki 4

“Калі святар сыходзіць з гэтага свету, яго Імша працягваецца: там, дзе алтар – сам Хрыстус, там, дзе святая Гостыя – сама Любоў, там, дзе служэнне – ужо без стомы і без слёз. Мы верым, што ксёндз Юрый цяпер служыць у святыні, якую не пабудаваў чалавек”, – адзначыў іерарх.

Па словах біскупа, калі паглядзець на жыццё ксяндза Юрыя, можна заўважыць, “што гэтае жыццё было нібыта своеасаблівым Евангеллем, напісаным не пяром на паперы, а кожным днём яго служэння, кожнай сустрэчай з чалавекам, кожнай Імшой, якую ён цэлебраваў, нібыта гэта была першая або апошняя Імша ў ягоным жыцці”. “Ён спяшаўся на заклік таго, хто пакутаваў; прыходзіў першым у хвіліны выпрабаванняў; ведаў, што кожны чалавек – гэта душа, за якую Хрыстус праліў сваю кроў”, – дадаў іерарх.

Біскуп яшчэ раз падкрэсліў, што “смерць – гэта не сцяна, у якую мы ўпіраемся, а дзверы, якія Бог сам адчыняе для тых, хто верыў у Яго, хто Яго любіў, хто не адступіўся, калі прыйшла ноч выпрабаванняў”. “Ксёндз Юрый там, дзе няма страху, няма несправядлівасці, няма змроку; там, дзе спаўняецца кожнае малітоўнае жаданне; там, дзе чалавек ужо не моліцца аб вечнасці, бо ён у ёй”, – сказаў іерарх.

Ён звярнуў увагу на тое, што “кожны святар, асабліва ў невялікіх парафіях, часта нясе крыж самоты, непаразумення, вялікіх абавязкаў пры малых рэсурсах, крыж працы, якую мала хто бачыць, але якая кожны дзень ратуе душы”. “Таму ўдзячнасць ксяндзу Юрыю – гэта таксама заклік маліцца за ўсіх святароў, каб ім хапала сілы быць вернымі, хапала любові, каб несці Хрыста ў свет, хапала надзеі, каб не апускаць рук у хвіліны цемры”, – сказаў біскуп.

“Няхай малітва за ксяндза Юрыя будзе і малітваю за нас саміх – каб мы, гледзячы на яго жыццё, навучыліся жыць так, каб калісьці таксама ўвайсці ў Дом Айца: навучыліся рабіць дабро ў цішыні, не патрабуючы апладысментаў; навучыліся дараваць тым, хто нас параніў; навучыліся бачыць у іншым чалавеку не перашкоду, а брата; навучыліся быць для іншых святлом, нават калі самі перажываем ноч”, – пажадаў біскуп.

Пасля Імшы прысутныя памаліліся за спачылага на месцы яго пахавання на парафіяльных могілках.

30dnej swislocki 1

Ксёндз канонік Юрый Свіслоцкі нарадзіўся 12 кастрычніка 1971 г., паходзіць з парафіі св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы.

Прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, прыняў 7 снежня 1996 г. у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя.

Быў вікарыем парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы, пробашчам парафій Найсвяцейшай Тройцы ў Бердаўцы і св. Казіміра ў Першамайскім (Лідскі дэканат) – у абедзвюх гэтых парафіях у час яго служэння былі пабудаваны касцёлы; пробашчам парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат). З 2015 г. быў рэзідэнтам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне.

Пасля цяжкай хваробы адышоў у вечнасць 28 верасня ў Доме міласэрнасці ў Каменцы, пахаваны на мясцовых парафіяльных могілках.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі