
З 24 па 26 кастрычніка ў Пінску і Брэсце прайшлі святкаванні ў гонар стагоддзя з часу заснавання Пінскай дыяцэзіі. Ва ўрачыстасцях удзельнічаў спецыяльны пасланнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджэроцці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў.
У юбілейных святкаваннях узялі ўдзел таксама іерархі Гродзеншчыны – біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, святары некалькіх парафій Гродзенскай дыяцэзіі, парафіяне, студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Урачыстасці пачаліся 24 кастрычніка асвячэннем касцёла св. Бэнэдыкта ў Пінску, пабудаванага дзесяць гадоў таму. Касцёл быў пабудаваны вельмі хутка – за шэсць месяцаў. Тытул святога Бэнэдыкта ён атрымаў таму, што стаў знакам працягу спадчыны і традыцыі айцоў бэнэдыктынаў – духоўных сыноў гэтага святога.
25 кастрычніка ўрачыстасці працягнуліся ў пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Адбылося ўнясенне ў катэдру рэліквій святога Андрэя Баболі, галоўнага нябеснага заступніка Пінскай дыяцэзіі, і Імша падзякі за стагоддзе існавання дыяцэзіі. Узначаліў літургію пасланнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджэроцці, які добра вядомы вернікам Касцёла на Беларусі, бо з 2011 па 2015 год быў Апостальскім нунцыем у нашай краіне. Таксама ў той час ён неаднаразова наведваў Гродзенскую дыяцэзію, узначальваючы там розныя ўрачыстасці.

У гаміліі кардынал сказаў, што Папа Леў XIV благаслаўляе ўсіх вернікаў, сем’і, дзяцей, моладзь, з якой звязвае асаблівую надзею. “Абдымаю вас усіх і кожнага паасобку, (…) каб праз гэтыя абдымкі вы адчулі цеплыню і блізкасць Святога Айца і дасягнулі Нябеснага Валадарства”, – дадаў ватыканскі іерарх.
26 кастрычніка ўрачыстасці працягнуліся ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце Юбілейнай сустрэчай моладзі. У гэтым касцёле штогод праходзіць сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі. На юбілейнай сустрэчы прысутнічалі і маладыя вернікі Гродзенскай дыяцэзіі.
У юбілейнай сустрэчы таксама ўзяў удзел кардынал Клаўдыё Гуджэроцці. У пачатку ён звярнуўся да маладых людзей з адмысловай катэхезай, засяродзіўшыся на таямніцы Божай любові. Затым іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы.
Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка падзякаваў усім прысутным за ўдзел у юбілейных урачыстасцях.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
