
24 красавіка распачынаецца святкаванне галоўных урачыстасцей, прымеркаваных да 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, у якіх прыме ўдзел спецыяльны пасланнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджэроці, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў. З гэтай нагоды прадстаўляем 7 цікавых фактаў пра Пінскую дыяцэзію, якія дапамогуць яшчэ бліжэй пазнаёміцца з ёй.
Пінская дыяцэзія ― самая вялікая па плошчы сярод дыяцэзій Беларусі ―72700 км2 (уключае тэрыторыі Брэсцкай і Гомельскай абласцей) і самая нешматлікая па колькасці католікаў ― 50115 чалавек (статыстыка за 2013 г.).
На тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі знаходзіцца, бадай, самая старажытная у Беларусі каталіцкая святыня, якая захавалася амаль у першапачатковым выглядзе, ― гэта касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў вёсцы Ішкалдзь Баранавіцкага раёна (1472 г.)
Пінскую дыяцэзію стварыў папа Пій XI булай Vixdum Poloniae unitas 28 кастрычніка 1925 года, вылучыўшы яе з тэрыторый, якія належалі да Магілёўскай мітраполіі. Новая дыяцэзія знаходзілася ў межах Віленскай мітраполіі і першапачаткова складалася з 15 дэканатаў.
Адметна, што Папа Пій XI да выдання гэтай булы быў Апостальскім нунцыем у Польскай Рэспубліцы з 1919 па 1921 год і добра ведаў тэрыторыю будучай дыяцэзіі. Ён не пакінуў свайго месца служэння нават падчас баявых дзеянняў з пачаткам савецка-польскай вайны.
Першым біскупам новастворанай дыяцэзіі стаў Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі (1870-1932), які, па ўспамінах сучаснікаў, клапаціўся аб даручанай касцёльнай адзінцы «ажно да слёз», ― быў вялікім пастырам.
Адметна, што сёння ва ўсіх касцёлах Пінскай дыяцэзіі днём асаблівай малітвы да Бога праз заступніцтва Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага і днём малітваў аб яго беатыфікацыі з’яўляецца 26-е чысло кожнага месяца (дзень яго адыходу ў вечнасць).
У розныя гады функцыю адміністравання дыяцэзіі выконвалі біскуп Казімір Букраба, ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі, кардынал Казімір Свёнтэк, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Антоні Дзям’янка.
Сумны факт: падчас Другой сусветнай вайны дыяцэзія страціла чацвёртую частку сваіх святароў. Былі забітыя 50 душпастыраў, у тым ліку благаслаўлёны Мечыслаў Багаткевіч (месца яго асаблівага ўшанавання ― касцёл у Лунінцы).
Нябеснымі апекунамі Пінскай дыяцэзіі з’яўляюцца святы Андрэй Баболя ― адданы езуіт-прапаведнік, які загінуў мучаніцкай смерцю ў 1657 г. у Янаве Палескім (сёння г. Іванава Брэсцкай вобласці), і Маці Божая Лагішынская, Каралева Палесся.
Пры падрыхтоўцы выкарыстаны архіўныя матэрыялы інтэрнэт-парталаў catholic.by, pinskdiocese.by, часопісаў «Ave Maria», «Дыялог».
