Skip to main content

Сустрэча для маці з цыклу “Цікава паразмаўляць” прайшла ў гродзенскай парафіі Святога Духа

sustreczi alszanka 4

19 кастрычніка ў гродзенскай парафіі Святога Духа прайшла сустрэча для маці, якія выхоўваюць немаўлят. Яна ўваходзіла ў цыкл хрысціянскіх сустрэч “Цікава паразмаўляць” і супала па часе правядзення з Тыднем бацькоўскай любові, які праходзіць у гэтыя дні ў Беларусі.

На сустрэчы нагадвалася, што выхаванне дзяцей – цэласны шлях, на якім звязаны духоўнае і фізічнае развіццё.

Праграма сустрэчы складалася з лекцый, якія паступова перайшлі ў сяброўскую гутарку за кубкам кавы.

У першай частцы сустрэчы вікарый парафіі кс. Валерый Спірыдон зрабіў спробу зазірнуць ва ўнутраны свет дзіцяці і паказаць, як адбываецца сустрэча з Богам у самым раннім узросце. Святар звярнуў увагу на развіццё дзіцяці і яго ўспрыманне Бога ва ўзросце да трох гадоў, адзначыўшы, што ў гэты час дзіця пазнае Бога не праз словы і складаныя паняцці, а праз простыя рэлігійныя вобразы, жэсты бацькоў, якія пераймае, і праз любоў, якую адчувае ад самых блізкіх. Затым ён распавёў пра развіццё веры ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў, заўважыўшы, што ў гэты час дзіця пачынае актыўна задаваць пытанні і што словы бацькоў, якія кажуць яму жыць верай, не маюць значнага ўплыву, калі дзіця бачыць, што самі бацькі ёю не жывуць.

Другая частка сустрэчы была прысвечана практычнаму аспекту – развіццю дару маўлення. Таксама была закранута тэма “чырвоных сцягоў” у развіцці маўлення. Запрошаны лагапед звярнула ўвагу на моманты, якія павінны насцярожыць бацькоў і стаць нагодай для кансультацыі са спецыялістам.

Адной з тэм, якія абмяркоўваліся найбольш, стаў уплыў гаджэтаў на развіццё дзіцяці. Лагапед адзначыла, што пасіўны прагляд мультфільмаў не вучыць дзіця дыялогу, не развівае яго эмацыйны інтэлект і не замяняе жывых чалавечых адносін, што гаджэты крадуць час, які можна прысвяціць сумесным гульням, чытанню ўголас або простай гутарцы.

Пасля агульных размоў удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць лагапеду і ксяндзу Валерыю пытанні.

Сустрэча завяршылася ва ўтульнай сямейнай атмасферы, калі ўдзельнікі маглі пагутарыць, падзяліцца досведам і проста адпачыць.

Дыякан Марцін Лудзіч, які служыць у парафіі Святога Духа і паведаміў нам пра гэтую сустрэчу, адзначае: “Сустрэча стала для маці, якія ўзялі ў ёй удзел, спробай хоць на хвіліну выйсці са штодзённых клопатаў. Яна была па-сапраўднаму ўтульнай і насычанай. Гэты дзень быў праведзены ў клопаце пра душу, розум і чалавечыя зносіны, сапраўды як дзень, прысвечаны Богу, поўны сэнсу, любові і надзеі, якія бацькі пакліканы перадаваць сваім дзецям”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі