Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі ў Ватыкане: час для візіту Папы настаў

2021 10 15 abp 003 1

16 кастрычніка 2025 года Папа Леў XIV прыняў на прыватнай аўдыенцыі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, які ўручыў яму афіцыйнае запрашэнне наведаць Беларусь.

Арцыбіскуп Станеўскі ахарактарызаваў Льва XIV як чалавека глыбокай веры, разважлівага, спакойнага, які ўмее ўважліва слухаць. Разам з мітрапалітам Мінска-Магілёўскім на аўдыенцыі прысутнічалі біскуп Аляксандр Яшэўскі і ксёндз-канонік Юрый Ясевіч. Дэлегацыя ўручыла Святому Айцу падарунак – абраз Маці Божай Будслаўскай, намаляваны мастачкай Ядвігай Сінько.

Настаў час для візіту Пантыфіка ў Беларусь, краіну ў сэрцы Еўропы

Ключавым момантам сустрэчы стала ўручэнне афіцыйнага пісьмовага запрашэння для Льва XIV здзейсніць візіт у Беларусь. Дакумент быў перададзены ад імя епіскапату, духавенства і ўсіх вернікаў краіны. Арцыбіскуп Станеўскі, звяртаючыся да Святога Айца на італьянскай мове, адзначыў, што праз яго з Пантыфікам сустракаецца ўвесь каталіцкі народ Беларусі. Ён звярнуў увагу на тое, што ў 2026 годзе будзе адзначацца 35-годдзе аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, што з’яўляецца важнай датай для мясцовай супольнасці.

Іерарх нагадаў, што папярэднікі Льва XIV на Пасадзе Пятра наведалі практычна ўсіх суседзяў Беларусі, і беларускі народ таксама вельмі чакае такога “дотыку”, які натхняе больш, чым словы. З доляй жарту арцыбіскуп прапанаваў Папу асабіста прыехаць і “праверыць”, ці сапраўды ў Беларусі каля двух мільёнаў католікаў.

Леў XIV з усмешкай і разуменнем прыняў запрашэнне. Ён адзначыў, што каляндар на бягучы Юбілейны год вельмі шчыльны, і на наступны год таксама ўжо ёсць запланаваныя мерапрыемствы. Аднак Святы Айцец даў надзею, што запрашэнне будзе ўважліва разгледжана, а адказ будзе перададзены праз Апостальскую нунцыятуру ў Мінску. “Мы выйшлі з аўдыенцыі поўныя надзеі”, - падсумаваў арцыбіскуп Станеўскі.

Экуменічныя адносіны на добрым узроўні

Адказваючы на пытанне аб гатоўнасці беларускага грамадства, у прыватнасці праваслаўнай большасці, да візіту Папы, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі выказаў упэўненасць, што “настаў той час, калі Пантыфік можа наведаць вернікаў Каталіцкага Касцёла і ўсіх людзей нашай Бацькаўшчыны”.

Каталіцкі іерарх адзначыў добрыя адносіны і дыялог з праваслаўным Мітрапалітам Веніямінам, а таксама неаднаразовыя запрашэнні ў бок Папы ад кіраўніцтва дзяржавы сведчыць пра гатоўнасць на розных узроўнях прыняць Святога Айца ў Беларусі. “Чым даўжэйшае чаканне, тым больш сардэчнае прывітанне”, - дадаў іерарх.

Папа паінфармаваны аб сітуацыі ў Беларусі

Падчас размовы Пантыфік праявіў добрую інфармаванасць аб жыцці Касцёла ў Беларусі. Ён задаваў канкрэтныя пытанні, у прыватнасці, аб магчымасці сацыяльнага служэння ў шпіталях і вязніцах, а таксама аб тым, ці ўсе касцёлы, у якіх моляцца вернікі, належаць каталіцкай супольнасці.

У адказ арцыбіскуп Станеўскі згадаў, што паміж Беларуссю і Святым Пасадам яшчэ не падпісаны канкардат ці нейкая іншая форма дамовы.

У кантэксце служэння прымірэння ў грамадстве Леў XIV, спасылаючыся на сваю першую адгартацыю “Dilexi te”, падкрэсліў важнасць дапамогі чалавеку ў патрэбе. “Чалавеку трэба перш дапамагчы, а потым ужо пытаць яго імя і веравызнанне. На першым месцы чалавек”, - працытаваў словы Пантыфіка арцыбіскуп, бачачы ў гэтым ключ да плённага суіснавання з прадстаўнікамі іншых канфесій.

Балючыя пытанні

Размова была вельмі канструктыўнай. Беларуская дэлегацыя падняла шэраг вострых пытанняў, якія хвалююць вернікаў.

Адной з галоўных тэм стала сітуацыя з касцельнай маёмасцю. Іерарх распавёў пра лёс мінскага Чырвонага касцёла, парафія якога пасля забароны на выкарыстанне будынка вымушана маліцца ў архікатэдры. Арцыбіскуп прывёў трапную метафару: “дзве сям’і ў адным будынку, нават у катэдральным, – гэта не вельмі”. Таксама была згадана праблема мінскага касцёла на Кальварыйскіх могілках, дзе хоць і дазволена маліцца вось ужо 45 гадоў, але няма яго юрыдычнага вяртання вернікам. Цяпер дзяржаўная арганізацыя плануе там рамонт, з прычыны чаго парафія будзе вымушана шукаць часовае месца. Папа ведаў гэтыя гісторыі.

“Беларускі Калегіум”: куточак Бацькаўшчыны ў Рыме

Адной з самых яркіх ініцыятыў, агучаных на сустрэчы, стала прапанова стварыць у Рыме “Беларускі Калегіум” (Collegium Bielorussicum). Як патлумачыў арцыбіскуп, ідэя нарадзілася з неабходнасці мець пастаянную прысутнасць у Вечным горадзе і стварыць уласны “маленькі куточак Бацькаўшчыны”.

Адна з прапаноў заключаецца ў тым, каб беларуская Канферэнцыя Біскупаў узяла пад сваю апеку адну з парафій у Рыме ці яго ваколіцах. Гэта дазволіла б стварыць духоўна-культурны цэнтр, які стаў бы месцам прыцягнення для беларускіх пілігрымаў, духоўнай апекі для дыяспары, а таксама пляцоўкай для правядзення вечароў беларускай літаратуры, музыкі і традыцый.

Пасловах арцыбіскупа Станеўскага, гэта ініцыятыва вельмі зацікавіла Папу Льва XIV. Ён паабяцаў, што зоймецца гэтым пытаннем, перадаўшы яго на разгляд свайму вікарыю для Рымскай дыяцэзіі.

На заканчэнне, звяртаючыся з пасланнем з Вечнага горада да святароў і вернікаў Беларусі, арцыбіскуп Станеўскі выбраў адно ёмістае італьянскае слова: “Coraggio”. Ён патлумачыў, што гэта шырокае паняцце азначае мужнасць, адвагу, з’яўляецца заклікам не падаць духам і прапанаваў кожнаму зразумець гэты пасыл асабіста, так, як яму “да сэрца”.

Паводле Vatican News