Дарагая моладзь, паважаныя святары і законныя сёстры, сябры!
З вялікай радасцю звяртаюся да вас у гэтым Юбілейным годзе, калі ўвесь Касцёл святкуе час Божай ласкі і міласэрнасці. Гэты год асабліва запрашае нас аднавіць сваю веру, надзею і любоў, каб разам крочыць шляхам, які вядзе да Хрыста.
Таму з вялікім задавальненнем і шчырасцю запрашаю вас на Юбілей моладзі Пінскай дыяцэзіі, які адбудзецца 26 кастрычніка ў Брэсце пад дэвізам “Мы — Касцёл Езуса Хрыста” ў межах святкавання галоўных урачыстасцяў з нагоды 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі.
Ад імя біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі, гаспадара гэтай урачыстасці, і ад свайго імя заклікаю моладзь з усіх куткоў Беларусі, а таксама святароў, законных сясцёр і ўсіх, хто дапамагае моладзі крочыць дарогай веры, далучыцца да гэтай урачыстасці і малітоўна перажыць гэты момант, важны ў жыцці моладзі і Касцёла ў Беларусі.
Няхай гэтае свята моладзі стане святам сустрэчы з Хрыстом, Які жыве ў сваім Касцёле, і святам братэрства, у якім мы адчуваем, што ўсе мы — адна Божая сям’я.
Асаблівым знакам еднасці з Папам і ўсім паўсюдным Касцёлам будзе прысутнасць пачэснага госця — Яго Эмінэнцыі кардынала Клаўдыё Гуджэроцці, спецыяльнага пасланніка Святога Айца Льва XIV.
Дарагія маладыя сябры! Прыязджайце ў Брэст з адкрытымі сэрцамі, каб разам маліцца, дзяліцца верай, радасцю і надзеяй. Няхай гэтая сустрэча дапаможа кожнаму з нас адчуць, што мы — жывыя камяні Касцёла і што Хрыстус разлічвае на кожнага з нас.
Буду вельмі рады сустрэчы з вамі! Да хуткай сустрэчы ў Брэсце!
З любоўю і благаслаўленнем,
Уладзімір Гуляй
Біскуп Гродзенскі
Адказны за душпастырства моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Для ўдзелу маладым людзям неабходна зарэгістравацца па спасылцы.
Адказны за правядзенне сустрэчы – ксёндз Павел Рудзьман, тэлефонны нумар +375 29 709 00 93.