Skip to main content

Біскуп Юрый Касабуцкі ўзяў удзел у пасяджэнні Кансультатыўнай міжканфессійнай рады, якое прайшло ў Іўі

uye 58

11 снежня ў Іўі прайшло пасяджэнне Кансультатыўнай міжканфесійнай рады на чале з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандрам Румакам. У пасяджэнні ўдзельнічаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Як паведамляе ivyenews.by, пасяджэнне пачалося са знаёмства ўдзельнікаў з іўеўскай мячэццю, гісторыю якой прадставіў старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі муфцій Абу-Бекір Шабановіч.

Біскуп Юрый Касабуцкі распавёў аб тым, як развіваецца духоўны цэнтр беларускіх католікаў – Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
Таксама ў межах пасяджэння ўдзельнікі азнаёміліся з экспазіцыяй Іўеўскага музея нацыянальных культур “Пад адзіным небам праз стагоддзі”, дзе знаходзяцца матэрыялы і прадметы культурнай, этнічнай, канфесійнай і лакальнай спадчыны рэгіёну і ўсяго свету, усклалі кветкі да памятнага знака ў гонар землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, наведалі памятны знак “У гонар сяброўства і згоды канфесій Іўеўшчыны”, азнаёміліся з выставай мугіраў як матэрыяльнай спадчыны мусульман Беларусі.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў адзначыў на пасяджэнні, што “Беларусь з’яўляецца шматнацыянальнай і шматканфесійнай краінай”. “Мы аб гэтым гаворым усюды, што на нашай зямлі знайшлі свой родны дом людзі розных нацыянальнасцяў. А стварэнне духоўных цэнтраў – гэта адказ выклікам часу, – сказаў Аляксандр Румак. – Пад уздзеяннем інфармацыйных тэхналогій змяняецца структура самога грамадства, размываюцца нацыянальныя межы, дзякуючы інтэрнэту ствараецца новая віртуальная рэальнасць са сваімі правіламі і нормамі паводзінаў. Таму пытанні духоўнасці набываюць асаблівае значэнне”.

Упаўнаважаны дадаў, што для беларусаў норма, калі мусульмане і іўдзеі, праваслаўныя і католікі жывуць побач, а ў цэнтры горада стаіць помнік, які аб’ядноўвае іх.

“Мы адкрытыя і гасцінныя. Але наша задача – гэта захаваць. А новыя духоўныя цэнтры толькі ўмацуюць беларусаў у веры, незалежна ад веравызнання”, – сказаў ён.