Skip to main content

Кангрэгацыя сэрцанаў адзначыла з удзелам біскупа Гродзенскага свой юбілей

sercane 4

14 кастрычніка ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці, дзе служаць святары Кангрэгацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцане), прайшлі святкаванні з нагоды юбілейнага года гэтай манаскай супольнасці, які супадае са стагоддзем з часу смерці яе заснавальніка кс. Леона Яна Дэона.

Ксяндзы сэрцане ўшанавалі дар жыцця заснавальніка сваёй супольнасці праз асабістую прысутнасць і малітву. Святкаванне пачалося з малітвы на ружанцы, затым адбылася канферэнцыя на тэму жыцця і паклікання кс. Леона Яна Дэона, з якой выступіў кс. Генадзь Лаўніковіч SCJ.

Імшу ў межах святкавання цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У гаміліі ён сказаў, што дзякуючы кс. Леону Яну Дэону “Касцёл атрымаў скарб духоўнасці, што адкрывае нам сэрца самога Бога”. Біскуп дадаў, што святой Маргарыце Марыі Алякок, літургічны ўспамін якой адзначаўся ў гэты дзень, “Езус паказаў сваё Сэрца, якое палае полымем любові, і захацеў, каб свет нанова адкрыў тое, што стаіць у цэнтры нашай веры: Бог – гэта Любоў, і ў гэтай Любові ёсць Сэрца, якое б’ецца для чалавека”.

Па словах іерарха, Сэрца Езуса “паранена дзідай на крыжы, няўдзячнасцю, халоднасцю і грахом чалавека, і ўсё ж гэтае Сэрца не перастае любіць, кажа кожнаму з нас: “Прыйдзіце да Мяне, усе стомленыя і прыгнечаныя, і Я вас суцешу”. “Гэтае Сэрца чакае таго, каб быць прынятым, каб хтосьці адкрыў Яму сваё сэрца, дазволіў Яму ўвайсці. І калі чалавек адкрывае сваё сэрца перад гэтым Божым Сэрцам – адбываецца сапраўдны цуд: Бог уліваецца ў чалавека, змяняе яго, лечыць яго раны, робіць яго здольным любіць”, – адзначыў біскуп.

Ён заўважыў, што заснавальнік супольнасці сэрцанаў “усё сваё жыццё прысвяціў таму, каб паказаць людзям гэтую таямніцу любові”, “быў чалавекам глыбокай веры, а таксама вялікай чуласці да праблем і пакутаў свету”, “бачыў несправядлівасць, беднасць, эксплуатацыю, падзелы ў грамадстве, але не заставаўся абыякавым, не закрыўся ў кляштары і не абмежаваў сваю пабожнасць узнёслымі словамі – ён хацеў, каб любоў з Сэрца Хрыста пранікала ў жыццё, у сацыяльныя адносіны, у працу, у сям’ю, у грамадства, ён казаў: “Сэрца Езуса – гэта Сэрца, якое пакутуе за людзей і кліча нас любіць, як Ён”.

“Менавіта таму сутнасць Кангрэгацыі Святароў Сэрца Езуса – не толькі ў пабожнасці і адарацыі, але і ў місіі любові, справядлівасці і міласэрнасці. Сэрцане пакліканыя быць сведкамі Божага Сэрца ў свеце, які часта страчвае здольнасць любіць. Яны пакліканыя прыносіць людзям суцяшэнне, прабачэнне, надзею, – сказаў біскуп. – І калі мы сёння глядзім на іх прысутнасць у нашай дыяцэзіі, асабліва ў гэтай парафіі, то бачым, як гэтая місія становіцца рэальнасцю. Тут яны вучаць дзяцей веры, катэхізісу, рыхтуюць моладзь да сакрамэнтаў, суправаджаюць сем’і, наведваюць хворых, прымаюць споведзь, служаць з любоўю і пакорай. І за гэта сёння мы гаворым ім простае, але вельмі шчырае слова – дзякуй. Дзякуй за тое, што вы сваім жыццём нагадваеце нам, што Бог сапраўды жывы, што Яго любоў – не тэорыя, а рэальнасць, якая дакранаецца да сэрца чалавека”.

sercane 5

Іерарх дадаў, што сёння, як і раней, “чалавецтва часта жыве так, нібы Бога няма, нібы Ён нам не патрэбны”, “Сэрца Хрыста працягвае любіць, а мы часта працягваем забывацца”, “Ён чакае, а мы спяшаемся, Ён адчыняе дзверы, а мы закрываем свае сэрцы, Ён нас шукае, а мы губляемся ў марнасці”. Біскуп нагадаў, чым з’яўляецца ўзнагароджанне Сэрца Езуса, а таксама што гэтае ўзнагароджанне “пачынаецца з маленькіх крокаў – з малітвы, з часу, праведзенага перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, са шчырай споведзі, з удзелу ў Эўхарыстыі, з добрых учынкаў, якія ніхто не заўважыць, але Бог бачыць”.

“Ксёндз Леон Ян Дэон зразумеў, што ўзнагароджанне павінна стаць не толькі індывідуальным, але і сацыяльным. Ён бачыў, што свет пакутуе ад граху несправядлівасці, няроўнасці, эгаізму, і таму адказам павінна быць любоў, увасобленая ў справядлівасці. Ён хацеў, каб вернікі не толькі маліліся, але і дзейнічалі – былі сумленнымі на працы, спагадлівымі да слабейшых, адказнымі ў грамадстве, – адзначыў біскуп. – Гэта актуальна і сёння. У гэтага свету, дзе мы жывём, таксама ёсць свае раны: самота, падзелы, нянавісць, няпраўда, жаданне нажывы, інфармацыйны шум, што крадзе супакой. І Пан зноў паказвае нам сваё Сэрца, кажучы:

“Паглядзі, Я ўсё яшчэ люблю, Я ўсё яшчэ чакаю, Я ўсё яшчэ веру ў чалавека”. І калі мы прымем гэтую любоў, яна пачне змяняць нас, а праз нас – іншых”.
Біскуп падкрэсліў, што “няма такога граху, які мог бы спыніць любоў Бога; няма такой цемры, у якой Яго Сэрца не ззяла б святлом; няма такой раны, якой Ён не мог бы ацаліць”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі