Skip to main content

Слова біскупа Гродзенскага да лекараў і ўсіх работнікаў аховы здароўя з нагоды свята святога Лукі, евангеліста

IMG 9587горизонт

Дарагія браты і сёстры, паважаныя лекары, медсёстры, фельчары, фармацэўты і ўсе, хто служыць чалавечаму жыццю і здароўю!

У дзень, калі Касцёл узгадвае святога евангеліста Луку – лекара і вучня святога Паўла, – мы асабліва ўзносім малітву за ўсіх вас, хто прысвяціў сваё жыццё служэнню хвораму чалавеку. Гэта ваш дзень – дзень удзячнасці і духоўнай еднасці.

Святы Лука, які апісаў у сваім Евангеллі спагадлівасць і міласэрнасць Хрыста, з’яўляецца для вас узорам сапраўднай любові і прафесійнай вернасці. Ён быў чалавекам ведаў і веры, але перадусім – чалавекам сэрца.

Дарагія сябры, ваша праца – гэта не толькі медыцынская місія, але і шлях веры. Кожны дзень вы становіцеся сведкамі чалавечай далікатнасці і Божай прысутнасці ў пакутах. Кожны пацыент, да якога вы схіляецеся, – гэта жывы вобраз Хрыста, які чакае вашага спачування і клопату. Таму вашае служэнне – не толькі абавязак, але і акт любові. Вы лечыце цела, але праз добры позірк, слова падтрымкі і ласкавае стаўленне – аздараўляеце і душу.

Свет часта забывае, што чалавечае жыццё – гэта святое. Вы ж кожны дзень сведчыце, што жыццё – найвышэйшы Божы дар, які трэба ахоўваць і паважаць. Вы стаіце на перадавой любові, міласэрнасці і надзеі, асабліва тады, калі чалавечая слабасць сустракаецца з вечнасцю.

Дзякую вам за вашу ахвярнасць, цярплівасць, прафесіяналізм і вернасць пакліканню. Дзякую за ночы, праведзеныя ў клопаце пра хворага, за малітву ў цішыні сэрца, калі ўжо няма словаў – толькі надзея і вера.

Няхай Пан Бог шчодра вас благаславіць у кожную хвіліну вашай працы. Няхай дорыць вам здароўе, мудрасць і сілу духа. Няхай святы евангеліст Лука будзе вашым апекуном і прыкладам, а Дух Святы напаўняе вашыя сэрцы цеплынёй любові, каб у кожным чалавеку вы бачылі Божае аблічча.

Прашу Пана, каб кожны дзень вашага жыцця быў напоўнены святлом, спакоем і радасцю служэння. Няхай ваша праца заўсёды будзе благаслаўлёнай і прыносіць у свет надзею і дабрыню.

З малітвай і пастырскім благаслаўленнем,

Ваш біскуп Уладзімір

Гродна, 18 кастрычніка 2025 года, свята святога Лукі, евангеліста