21 кастрычніка, калі ў нашай краіне на заканчэнне Тыдня бацькоўскай любові адзначаецца Дзень бацькі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, віншуе ўсіх татаў з іх святам.
Шаноўныя браты, якія з Божай волі носіце такое прыгожае і ганаровае імя бацькі!
Сёння мы адзначаем ваша свята. Яно — самае маладое ў нашай краіне, бо было заснавана кіраўніком дзяржавы ў 2022 годзе і сёлета адзначаецца толькі ў чацвёрты раз.
Гэтае свята завяршае Тыдзень бацькоўскай любові, які распачаўся Днём маці 14 кастрычніка, і нагадвае нам пра выключную і незаменную ролю бацькоў — мамы і таты — у жыцці кожнага чалавека.
Сям’я — пабудаваны на любові саюз жанчыны і мужчыны дзеля нараджэння і выхавання патомства — з’яўляецца адной з найважнейшых агульначалавечых каштоўнасцей. Толькі поўная сям’я, дзе ёсць і лагодная матуліна пяшчота, і клапатлівая мужнасць бацькі, з’яўляецца паўнацэннай клетачкай грамадства, у якой дзеці і моладзь пераймаюць вопыт папярэдніх пакаленняў і растуць добрымі людзьмі і дастойнымі грамадзянамі. І Касцёл, і дзяржава атуляюць сям’ю асаблівым клопатам: дзяржава — праз розныя сацыяльныя праекты, скіраваныя на ўмацаванне гэтага традыцыйнага грамадскага інстытута, а Касцёл — праз служэнне сям’і і малітву за сем’і.
Сёння мы атуляем нашаю малітваю ўсіх татаў, якіх Бог — Нябесны Айцец усяго чалавецтва — паклікаў да ўдзелу ў вялікай таямніцы айцоўства. А гэта не толькі ўдзел у нараджэнні дзіцяці, але таксама непасрэдны ўдзел у яго выхаванні, клопат пра здаровы духоўны клімат і матэрыяльны дабрабыт у сям’і, гатоўнасць быць надзейнаю апораю і абаронцам для сваёй сям’і і Айчыны, якая, як і Касцёл, з’яўляецца «сям’ёй сем’яў».
Хоць мы з вялікай павагай і любоўю ставімся да нашых дарагіх матуль, аднак ніхто не будзе спрачацца з тым, што галавою сям’і па праву лічыцца бацька.
Каб сапраўды быць «галавою», неабходна ўмець прымаць узважаныя, адказныя і мудрыя рашэнні.
Дарагія таты нашай краіны! Сёння я асаблівым чынам хачу пажадаць вам гэтай Божай мудрасці, крыніцай якой з’яўляецца Дух Святы, каб Ён асвячаў і ўмацоўваў вашыя сем’і ў шчырай і адданай узаемнай любові. Акрамя таго, жадаю вам мужнасці, якая таксама з’яўляецца дарам Духа Святога, каб вы былі заўсёды вернымі ў выкананні сваёй бацькоўскай місіі і ва ўсіх жыццёвых выбарах кіраваліся дабром для сваіх сем’яў. Няхай ва ўсіх сітуацыях жыцця прыкладам для вас будзе святы Юзаф, абраннік Найсвяцейшай Панны Марыі, якога Бог даў як зямнога бацьку для свайго Сына Езуса Хрыста. Сёння праз заступніцтва гэтага вялікага святога, які стаў адлюстраваннем айцоўства самога Бога, я малюся за вас, дарагія таты, і перадаю вам апостальскае благаслаўленне ад Святога Айца Папы Льва XIV, якому Бог даручыў айцоўскі клопат пра ўвесь Касцёл у свеце.
Святы Юзэфе, апора сем’яў і аздоба сямейнага жыцця, маліся за ўсіх бацькоў Беларусі і благаславі сем’і нашай краіны, каб узаемная любоў і павага былі ў іх бачным знакам прыстутнасці самога Бога.
З дарам малітвы,
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Падуя, 21 катрычніка 2025 г.