Skip to main content

У Ашмянах адзначылі ўрачыстасць Маці Божай Чэнстахоўскай

oszminy 9

Парафія св. Арханёла Міхала ў Ашмянах адзначыла адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Чэнстахоўскай, літургічны ўспамін якой – 26 жніўня.

Дапамогай для парафіян у падрыхтоўцы да ўрачыстасці была навэнна да Маці Божай Яснагорскай. У вігілію ўрачыстасці цэлебравалася святая Імша, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. Ян Варанецкі. Адбылася таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Па традыцыі ў 23 гадзіны адбылася эўхарыстычная працэсія з разважаннем над таямніцамі Ружанца, а пасля яе – Імша, якую ўзначаліў пробашч гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа кс. канонік Ян Пузына.

У гаміліі святар засяродзіў увагу на важнасці маці ў жыцці чалавека. “У нас ёсць дзве маці: адна на зямлі, другая – у небе, – адзначыў ён. – Да нябеснай Маці мы звяртаемся ў патрэбах душы і цела, каб Яна заступілася за нас перад сваім Сынам, выпрасіла ў Яго для нас патрэбныя ласкі”.

Цэнтрам фэсту стала Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. На літургіі прысутнічалі святары, шматлікія парафіяне, а таксама сёстры Кангрэгацыі Місіянерак Святой Сям’і, якая сёлета святкуе 120-годдзе. З нагоды гэтай даты на літургіі быў здзейснены абрад благаслаўлення абраза бл. Баляславы Лямэнт – заснавальніцы кангрэгацыі.

oszminy 13

У гаміліі біскуп сказаў: “Праз усё жыццё мы ўзрастаем у боскай мудрасці, вучымся яе здабываць і паступаць паводле яе, і ў гэтым вялікім і святым намаганні нас суправаджае Марыя – наша нябесная Маці. Яна вядзе нас да Хрыста, паказвае Яго як крыніцу дабра, праўды і шчасця, вучыць нас пакоры і паслухмянасці Божым запаведзям і натхненням”.

Пасля літургіі адбылася працэсія і прагучаў гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”. Вечарам гэтага дня цэлебравалася Імша ў інтэнцыі студэнтаў і моладзі ашмянскай парафіі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі