17 снежня прадстаўнікі Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” перадалі святочныя падарункі для дзяцей мігрантаў, якія сталі ахвярамі міграцыйнага крызісу і апынуліся ў нялюдскіх умовах на беларуска-польскай мяжы.
Падарункі былі дастаўлены ў транспартна-лагістычны цэнтр, што стаў часовым прытулкам для людзей з краін Блізкага Усходу, сярод якіх нямала жанчын і дзяцей.
Падарункі разам з віншаваннямі перадалі дырэктар гродзенскага Caritas кс. доктар Раман Рачко і дырэктар Нацыянальнага Caritas Беларусь кс. канонік Андрэй Аніскевіч.
Гэта была ўжо чарговая партыя дапамогі, перададзеная вернікамі Гродзенскай дыяцэзіі і ўсяго Касцёла на Беларусі мігрантам праз дабрачынную арганізацыю.
Акрамя гэтай дапамогі, якую аказваюць вернікі Каталіцкага Касцёла на Беларусі, у святынях узносяцца малітвы ў інтэнцыі мігрантаў, а таксама ўсіх тых, ад каго залежыць вырашэнне гэтай сітуацыі, каб яна была вырашана як найхутчэй мірным шляхам, з павагай да годнасці кожнага чалавека.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі