
Скрыпачка Ганна Верхаводкіна ўпэўнена, што кожны чалавек атрымаў ад Госпада талент. У кагосьці гэта здольнасць пісаць цудоўныя карціны ці вершы, у іншага – уменне выслухаць і падтрымаць у складаную хвіліну. У разнастайнасці пакліканняў дзяўчына бачыць моц чалавецтва і сцвярджае, што задача кожнага чалавека распазнаць, памнажаць і дзяліцца сваімі талентамі.
Дар раскрываецца праз дзейнасць
Памкненні да музыкі ў Ганны адкрыліся яшчэ ў раннім дзяцінстве. Яна вельмі любіла спяваць і адразу пачала ў гэтым захапленні “закаляцца”: заняткі вакалам у школе, заангажаванасць у дзіцячым хоры, актыўнасць у музычных ініцыятывах пры парафіі.
“Калі мела дзевяць гадоў, бацькі адправілі мяне на скрыпку ў музычную школу, – распавядае дзяўчына. – Заняткі займалі шмат часу, было складана. Да таго ж, высокія патрабаванні: праграма даволі сур’ёзная. Я часта адчувала незадаволенасць сабой, бо хацела рабіць усё ідэальна. Ад моцнай стомленасці нават хацела кінуць навучанне, аднак прыйшла да высновы, што, калі ты чымсьці захапляешся, яно не абавязкова павінна давацца проста. Не трэба баяцца ісці туды, дзе страшна. Яшчэ нічога добрага не давалася без складанасцей”.
Ганна адзначае, што ў няпростыя хвіліны знаходзіла падтрымку ў Касцёле. Незалежна ад таго, ці іграла там, ці спявала – заўсёды сутыкалася з падбадзёрваннем. У Божым доме і зразумела, што музычная дзейнасць ей вельмі па душы. “Я ўсвядоміла, што нават калі не змагу знайсці працу, Касцёл заўсёды застанецца той прасторай, дзе я буду дзяліцца сваім талентам”, – адзначае суразмоўца.
Бог пакажа напрамак
Сёння Ганна працуе педагогам па скрыпцы ў сярэдняй школе, вядзе факультатыўныя заняткі і кіруе ўзорным ансамблем скрыпачоў. Любімай справай займаецца ўжо на працягу 25 гадоў.
Дзяўчына шчаслівая, што калісьці прыслухалася да сябе і пайшла за голасам паклікання. “Я зразумела, што маё – гэта іграць. А для чаго гэты талент быў патрэбны Богу, толькі Яму вядома, – адзначае Ганна. – Не трэба баяцца магчымасцей, якія Бог, насамрэч, дае штодня. Госпад пакіруе, а ты проста рабі тое, што можаш, – і ўсё атрымаецца”.
Скрыпачка падкрэслівае, што яе галоўная мэта як педагога ў тым, каб хлопцы і дзяўчаты, палюбіўшы музыку, засталіся ў гэтай любові. “Часта пасля навучання ў музычнай школе дзеці не хочуць нават чуць больш пра інструмент. І шчасце, калі скрыпка не прадасца пасля выпускнога. Я хачу, каб мае вучні заўсёды бралі ў рукі інструмент з радасцю”, – гаворыць Ганна.
Служэнне як найвышэйшая праява таленту
На працягу апошніх трох гадоў дзяўчына іграе на скрыпцы ў гурце Anima пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне. Яго ўдзельнікі кожную нядзелю ўпрыгожваюць вячэрнюю літругію і выступаюць на дыяцэзіяльных мерапрыемствах.
“Гурт арганізаваў былы пробашч кс. Аляксандр Раманоўскі, які па сумяшчальніцтве быў нашым бас-гітарыстам. Цяпер справу працягвае кс. Валерый Быкоўскі. Мы нават запісалі дыск вядомых песень у нашай аранжыроўцы. Ёсць кампазіцыі, якія самі стварылі, але іх запіс будзе чарговым вітком нашага развіцця. Увогуле, з планамі абачліва – усё ў руках Божых”, – гаворыць суразмоўца. І дадае, што дзейнасць у Касцёле адкрыла новыя грані яе таленту.
Калі свецкія выступленні – гэта часта пра тое, каб арганізаваць шоў і зрабіць уражанне, то ў святыні “ты нікому нічога не павінен”. “Святы Дух нібы нясе цябе, і ўжо нават не сочыш за пальцами – яны іграюць самі. У такія моманты я адчуваю адзінства з усімі, хто побач. І няважна, наколькі іншымі па сваім жыццёвым укладзе могуць быць гэтыя людзі. У Касцёле ты не выступаеш, а зліваешся з усімі ў супольнай малітве”, – тлумачыць Ганна.
Гурт Anima іграе на далёкі ад традыцыйнага манер, які, як сцвярджае дзяўчына, прасцей зразумець сучаснаму верніку. “Здараецца, чалавек прыходзіць на Імшу, але ў думках далёка. Гэта не дазваляе яму цалкам прасякнуцца літургіяй, – заўважае Ганна. – І, магчыма, у пэўны момант нашы кампазіцыі прамовяць да яго і наблізяць да Эўхарыстыі”.
Ангеліна Марцішэўская
