Дарагія Чытачы!
Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, якая завяршае літургічны год у Касцёле, традыцыйна з’яўляецца ў нашай дыяцэзіі днём малітвы за выхавацеляў, выкладчыкаў і клерыкаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Духоўная семінарыя – гэта месца навучання будучых святароў, дзе развіваецца духоўнасць, набываюцца веды і ўдасканальваюцца навыкі, неабходныя для служэння Касцёлу і мясцовым супольнасцям. І ўсё гэта для большай Божай славы.
Давайце атулім малітвай клерыкаў і выкладчыкаў нашай Альма-матэр. Ахвяруем цяжкасці, цярпенне і добрыя ўчынкі ў інтэнцыі новых пакліканняў. Да гэтай просьбы заклікае нас сам Езус: “Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё” (Мц 9, 37–38).
Няхай нашай зямлі ніколі не бракуе смелых прапаведнікаў Божага слова і распарадчыкаў святых таямніц!
