
Св. Імша падыходзіла да завяршэння. Міколка стаяў побач з роднымі і беражліва трымаў у руках адвэнтавы вянок, сабраны разам з бацькамі. Яловыя лапкі крыху шчыпалі за пальцы, але хлопчыку гэта не замінала. Сярод хвойных галінак хаваліся бліскучыя шарыкі. Галоўным атрыбутам у вянку былі чатыры добра замацаваныя чырвоныя свечкі.
Матуліны рукі асцярожна падштурхнулі хлопчыка наперад, і ён разам з аднагодкамі пакрочыў да баляскаў. Дзеці падышлі да алтара, каб асвяціць вянкі, якія наступныя чатыры тыдні будуць нагадваць пра набліжэнне важнага свята – Нараджэння Езуса Хрыста.
Пасля Імшы мама, тата, бабуля і Мікола селі ў шэры аўтамабіль, каб паехаць дадому. Маці спытала сына:
– Ці ведаеш, Міколка, што азначаюць чатыры свечкі і вянок?
– Так, ведаю, – ажывіўся хлапчук. – Сястра Станіслава распавядала, што свечка – гэта сімвал свету. Іх чатыры, як чатыры бакі свету. Зеляніна ў вянку – сімвал уваскрасення. Круглы вянок нагадвае, што нас чакае вечнае жыццё.
Бацька і маці пераглянуліся. Што тут скажаш, калі іх сын разважае амаль як дарослы.
Бацька націснуў на педаль газу, і аўто пакацілася па асфальтаванай дарозе. За акенцам замігцелі дамы. Снег белым абрусам ляжаў на дахах.
Пасля вячэры сям’я сабралася на супольную малітву. Сэрца хлопчыка радасна білася, рукі крыху дрыжалі ад хвалявання. Яму даручылі адказную місію – запаліць першую свечку, якая называецца “свечкай прароцтваў”.
Калі скончылі маліцца, Мікола падышоў да бабулі. Яна ведала амаль усё на свеце. Прынамсі, так думаў хлопчык.
– Бабуль, як ты лічыш, чаму першую свечку называюць менавіта свечкай прарокаў? – спытаў ён.
Бабуля адклала малітоўнік і паглядзела на ўнука.
– Чаму так называюць? – задумалася бабуля. – Ведаеш, на працягу доўгага часу людзі чакалі прыйсця Збаўцы. Прарокі абвяшчалі гэтую добрую навіну. Таму першая свечка запальваецца на знак прароцтва і надзеі.
– Як цікава! – здзівіўся хлопчык. – А што азначаюць астатнія тры свечкі?
Бабуля паправіла акуляры і сказала:
– Другая свечка сімвалізуе супакой. Яна прыпамінае, што Езус нарадзіўся ў ціхім мястэчку Віфлееме.
Мікола ўважліва слухаў, а пасля сказаў:
– Я ведаю, што азначае трэцяя свечка. Гэта свечка радасці, або свечка пастыра. Яе так называюць, бо першымі, хто наведаў народжанае Дзіця, былі пастушкі.
– Так, – згадзілася бабуля. – Апошняя, чацвёртая свечка – любові, або анёлаў, якія абвясцілі радасную навіну свету.
Адвэнтавы вянок святочна ўпрыгожваў цэнтр стала. Першая свечка далікатна гарэла, нагадваючы, што праз амаль чатыры тыдні народзіцца Эмануэль – Бог з намі.
Алена Запаснік
