
Як плённа перажыць Адвэнт
Сёлета Адвэнт у Каталіцкай Царкве лацінскай традыцыі распачынаецца 30 лістапада. Чуем у літургіі на гэты дзень: “Апраніцеся Панам Езусам Хрыстом і не дагаджайце целу ў пажадлівасці” (Рым 13, 14). Разумеем, што павінны паводзіць сябе прыстойна і ўстрымлівацца ад благога. Але што канкрэтна мы мусім рабіць, каб плённа перажыць Адвэнт? Паслухаем таксама некалькі парад айцоў Усходняй Царквы.
Па-першае, малітва. Вызначым для яе адпаведны час і будзем трымацца гэтага плана. Св. Базыль Вялікі адрознівае малітву (мы б назвалі яе спантаннай) і псалмодыю (малітву псалмамі), заклікае знаходзіць час на абодва віды размовы з Богам, а таксама імкнуцца праслаўляць Творцу ў кожную хвіліну жыцця: “Падчас працы можам, калі не вуснамі, то сэрцам, хваліць Бога, як кажа Апостал, «псалмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі» (Кал 3, 16)”.
Па-другое, пост. Пост сёння – гэта не толькі ўстрыманне ад пэўных відаў страў, але і абмежаванне сябе ў розных задавальненнях (гульнях, забавах, вясёлым баўленні часу). Калі мы дагаджаем сабе, то ці магчымы пры гэтым духоўны рост? Св. Ахрэм Сірын праслаўляе пост як крыніцу нашых дабрадзейнасцей і перамогі над грахом: “Пост адганяе спакусы, памазвае нас на подзвіг пабожнасці. Ён супольнік цвярозасці і нявіннасці. Пост выводзіць малітву на неба. Пост – маці здароўя, апякун і абарона дзявоцтва”.
І, па-трэцяе, маўчанне. “Свядомае маўчанне – гэта маці малітвы […], стораж думак, чуйнасць супраць ворагаў, вязніца пакуты, прыяцель слёз, паспяховая памяць пра смерць”, – пісаў св. Ян Залатавусны. Цішыня – добрая нагода да разважанняў. Варта зазірнуць ва ўласнае сэрца і ўбачыць тое, чаго не мусіць у ім быць.
А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду
