Св. Лука, які па прафесіі быў урачом і, верагодна, таленавітым мастаком, напісаў Евангелле на аснове пераказаў сведкаў мінулых падзей. Паколькі ён сам асабіста не сустракаўся з Езусам Хрыстом, пазнаваў Яго па аповедах іншых людзей. Нягледзячы на гэта, здолеў найлепш з усіх евангелістаў выразіць чулае і клапатлівае стаўленне Бога, які шукае чалавека. У сваім Евангеллі пакінуў нам парады, як стаць сапраўдным сведкам Хрыста.
Свята св. Лукі, евангеліста, адзначаецца ў Касцёле 18 кастрычніка.
Заахвочванне да малітвы
Св. Лука дастаткова часта звяртае ўвагу на тое, што Езус маліўся ў ключавыя, важныя хвіліны жыцця. Праз занатаваныя словы ён заахвочвае нас да трывалай малітвы.
Евангеліст прадстаўляе ў тэкстах таксама прыклады малітваў – гэта гімны, якія Касцёл спявае і сёння: Magnificat – гімн Марыі, Benedictus – гімн Захарыі, Nunc dimittis – гімн Сімяона. Варта клапаціцца аб асабістай сустрэчы з Богам на малітве, а таксама вучыць іншых, асабліва дзяцей, як маліцца і будаваць адносіны з Богам з маленства.
Клопат аб сумленні
У сваім Евангеллі св. Лука звяртае асаблівую ўвагу на дабрыню Бога, апісваючы сцэны адпушчэння грахоў. Ён паказвае Езуса як сябра мытнікаў і грэшнікаў, які аказвае людзям міласэрнасць.
Клопат аб сваім сумленні – ключавы ў тым, каб быць сведкам Хрыста. Сакрамант пакаяння і паяднання, дзе чалавека чакае поўны міласэрнасці Збаўца, дае магчымасць вярнуцца да Бога. А праз гэта мы вучымся таксама прабачаць іншых, не перакрэсліваючы нікога.
Адкрытасць на людзей
Евангелле паводле св. Лукі называюць “Евангеллем бедных”, бо яно паказвае асаблівую чуласць Езуса да пакорных і бедных. Св. Лука прысвячае шмат увагі жанчынам, прадстаўляючы іх удзельніцамі збаўчых падзей, а таксама апісвае клопат Хрыста аб іншаземцах.
Для нас у штодзённым жыцці важна тое, каб спаўняць учынкі міласэрнасці. Памяць пра тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, клопат аб хворых, пакрыўджаных і забытых, гасціннасць, малітва за жывых і памерлых – доказы нашай веры і наследавання прыкладу Збаўцы.
Евангеліст Лука захапляўся Езусам. Гэтае захапленне стала прычынай таго, што ён захацеў сведчыць пра Хрыста сваім жыццём. Св. Лука суправаджаў св. апостала
Паўла ў абвяшчэнні Добрай Навіны да першага арышту ў Рыме. Напісаў для нас Евангелле і Дзеі апосталаў. Не вагаўся аддаць жыццё за веру, даючы сведчанне пра Хрыста да мучаніцкай смерці. Будзем жа і мы, пазнаючы Збаўцу праз веру, станавіцца Яго сведкамі.
Кс. Юрый Марціновіч