Skip to main content
Логотип

Маці Божая Навагрудская

20251001 064724

Кажучы аб іконе Маці Божай Навагрудскай, дзівішся яе заблытанаму лёсу. Але, напэўна, у такой заблытанасці і трэба разглядзець сутнасць Божага Провіду, Божай дапамогі і апекі. Прыгоды марыйнага абраза, яго перамяшчэнні і заступніцтва Багародзіцы пакінулі нам гэтую цікавую, натхняючую гісторыю.

Першая ўзгадка

Першапачатковае ўпамінанне аб іконе Маці Божай Навагрудскай у пісьмовых крыніцах адносіцца да 1646 года, калі холмскі епіскап Якуб Суша ўзгадваў самыя шанаваныя ў Вялікім княстве Літоўскім абразы Багародзіцы: Смаленскі, Пінскі і Навагрудскі. На жаль, успамін гэты вельмі кароткі, але ў той жа час сведчыць аб яго глыбокай старажытнасці і вельмі яскрава адлюстроўвае ўзровень шанавання навагрудскага абраза, што не магло з’явіцца беспадстаўна.

Лічыцца, што гэтая ікона знаходзілася ў Замкавай Успенскай царкве Навагрудка. Згодна з паданнем, іканаграфічна абраз прыпісваецца аўтарству евангеліста Лукі, але як ён дакладна выглядаў – нам невядома.

“Другое з’яўленне”

Чарговае ўпамінанне аб іконе адносіцца да XVII стагодзя. У 1615 годзе салдаты прывезлі ў Вільню – з паходу на Маскву – ікону Багародзіцы, якая паходзіла з Вязьмы і належала да вайсковых трафеяў. Яна была выканана ў візантыйскай традыцыі на дрэве і мела пашкоджанні ў выглядзе адшчэпу на месцы рукі Езуса, бо была “ўзята сілай”.

Ікона тая (магчыма, выкарастаная салдатамі ў якасці разліку за паслугі) апынулася ў доме віленскага каваля Пятра Багуцкага, а потым – у месціча Мікалая Каламыснага. У 1649 годзе ён аддаў абраз кс. Крыштафу Пшэслоўскаму, каб той перадаў “святы дэпазіт” (ужо тады ікона славілася як цудадзейная) якому-небудзь касцёлу. Так рэліквія апынулася ў парафіі кс. Крыштафа ў Тургелях (паміж Вільняй і Ашмянамі).

Хутка ікона шырока праславілася сваімі цудамі. Невядома, з якой нагоды, але застаецца фактам, што яна была перададзена кс. Крыштафам а. Адаму Вардацкаму SJ, які служыў у Навагрудку.

Неўзабаве пачалася руска-польская вайна 1654–1667 гадоў, якая прынесла разбурэнне і смерць на Навагрудчыну. Айцы езуіты хавалі цудадзейны абраз у Тургелях, Гродне і нейкі час у Жыровіцах, бо ў ваенныя часы было арганізавана сапраўднае паляванне на святыні.

Цудадзейны абраз Маці Божай шукалі таксама. За ім у Навагрудак ад імя маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча спецыяльна прыбыў афіцэр Фёдар Іўлеў. Аднак пошукі нічога не далі, і афіцэр далажыў у Маскву, што абраз шукалі “і ў Навагрудку, і ў паветах, у цэрквах, касцёлах і дварах”, але “нігдзе яго не знайшлі”.

Цудадзейнасць абраза

У 1662 годзе, пасля адыходу маскоўскага войска і казакаў з Навагрудка, была склікана камісія, мэтай працы якой стала пратакаліраванне і дакументальнае замацаванне вядомых цудаў навагрудскай іконы. На той час было зафіксавана 47 цудаў. Праз 10 гадоў яшчэ адна камісія пад прысягай зафіксавала 48 рознах цудаў, агульны пералік якіх быў выдадзены ў Вільні асобнай кнігай. Вернікі часта прасілі ў малітвах перад абразом Маці Божай застацца жывымі, захаваць жывёлу, пазбегнуць палону. Вялікая колькасць цудаў была звязана з аздараўленнем.

У 1662 годзе абраз быў унесены ў навагрудскі касцёл, якім апекаваліся айцы езуіты. Вядома, што ў XVII стагоддзі былі зроблены дзве графічныя копіі іконы. Першы абраз Маці Божай Навагрудскай, які мы можам уявіць сабе зараз, пабачыў свет на гравюры Лявонція Тарасевіча ў 1684 годзе (гравюра была надрукавана ў кнізе Іаана Дрэуса “Спосаб паломніцтва” сярод яшчэ 19 самых шануемых ікон с дадаткам іх выяў і календаром малітваў і медытацый да Панны Марыі).

У 1714 годзе айцамі езуітамі ў Навагрудку быў пабудаваны новы касцёл, асвечаны пад тытулам Беззаганнага Зачацця Панны Марыі і св. Станіслава Косткі. Але ўжо ў 1751 годзе вялікі пажар знішчыў і касцёл, і, як лічаць даследчыкі, узгаданы цудадзейны абраз.

Праз вякі ў сучаснасць

У гістарычных даследваннях апісаны факт, што пасля пажару святыню пачалі адбудоўваць. Разам з тым, айцы езуіты замовілі і напісанне копіі навагрудскай цудадзейнай іконы. Лічыцца, што па памяці, але з захаваннем іканаграфічнага тыпу, невядомым мастаком была выканана гэтая работа. Менавіта той абраз мы можам пабачыць і сёння, наведаўшы старажытны Навагрудак, у адной з капліц касцёла Перамянення Пана (Фара).

Згодна з вусным паданнем, і гэтая ікона перанесла пэўныя цяжкасці. Пасля закрыцця ўладамі навагрудскага фарнага касцёла ў другой палове XIX стагоддзя абраз перавезлі ў Варончу, дзе ён перажыў ліхалецце Першай сусветнай вайны. Вярнуўся ў Навагрудак толькі ў 20-х гадах ХХ стагоддзя.

Віктар Малежык