Skip to main content
Логотип

Усяго сябе – для людзей

pogrzeb swislocki 12

30 верасня ў касцёле св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адбылося пахаванне кс. каноніка Юрыя Свіслоцкага. Святар адышоў у вечнасць у Доме міласэрнасці ва ўзросце 54 гадоў.

У пахавальнай св. Імшы, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, удзельнічала больш за 70 святароў, у т. л. біскуп-эмерыт Аляксандр Кашкевіч і генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, манаскія сёстры, родныя і знаёмыя спачылага, вернікі парафій, дзе ён аддана нёс душпастырскую паслугу.

Біскуп Уладзімір адзначыў, што “жыццё святара было багатым на справы веры”. “Кс. Юрый працаваў у розных парафіях, але асаблівае значэнне мела служэнне ў Першамайскім і Бердаўцы, дзе ён разам з вернікамі ўзвёў дзве святыні – не толькі матэрыяльныя знакі, але і сімвал таго, што будаваў Касцёл у сэрцах людзей, дапамагаючы ім адкрыць жывую прысутнасць Бога”, – падкрэсліў іерарх.

“Больш добрага чалавека я ў жыцці не сустракала, – з сумам узгадвае Ірэна Гервелянец з парафіі св. Казіміра ў Першамайскім. – Гэта ксёндз з вялікай літары, 12 гадоў праслужыў у нас... Успамінаючы кс. Юрыя, адразу ўзгадваюцца яго словы ў любой жыццёвай сітуацыі: «Усё будзе добра». І што б ні здарылася, толькі дадаваў: «Абы не горай»”.

“Кс. Юрый быў вельмі ахвярны, працавіты святар. Я ў гэтым асаблівым чынам упэўніўся, калі нашы парафіі былі па-суседску і я служыў у лідскай фары, – распавядае кс. канонік Юзаф Багдзевіч. – Ён шмат мне дапамагаў у душпастырскай паслузе. Быў надзейным, добрасумленным, безадмоўным”.

На пахаванні кс. Юрыя Свіслоцкага, сярод іншых, прысутнічаў біскуп Юрый Касабуцкі. У прамоўленай гаміліі іерарх узгадаў жыццёвы шлях свайго аднакурсніка і падкрэсліў, што ён быў чалавекам вельмі лагодным і добрым, а таксама адкрытым на патрэбы іншых.

“Мы вучыліся разам з кс. Юрыем у гродзенскай семінарыі. Ён быў крыху старэйшы за мяне, – дзеліцца ўспамінамі кс. канонік Павел Шанчук. – Калега вельмі любіў парадак, усё ў яго павінна было быць на сваіх месцах. Любіў паразмаўляць з людзьмі, пажартаваць. Запомніўся мне ўсмешлівым і спагадлівым – дабрак! Вось гэта характарыстыка яму выдатна пасуе”.

Як заўважыў біскуп Уладзімір Гуляй, апошнія гады жыцця кс. Юрыя былі адзначаны цяжкай хваробай, але і “ў гэтых пакутах ён заставаўся святаром, верным свайму пакліканню”. “У Сапоцкіне кс. Юрый працягваў душпастырскую працу, сведчачы, што святарства – гэта не прафесія, а жыццё, якое цалкам прысвячаецца Богу”, – дадаў іерарх.

Як узгадвае пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне кс. Антоній Абухоўскі, “як бы цяжка яму не было, кс. Юрый прыходзіў за паўгадзіны да Імшы ў касцёл і спавядаў. Ён быў вельмі адказны і руплівы святар, усе свае сілы і здароўе пакідаў для людзей”.

Напрыканцы пахавальнай св. Імшы біскуп Гродзенскі выказаў спачуванні родным і знаёмым памерлага, а таксама падзякаваў святарам, якія прыйшлі праводзіць свайго сабрата ў апошні шлях.

Спачылага пахавалі на парафіяльных могілках побач з яго роднымі.

Кс. канонік Юрый Свіслоцкі нарадзіўся 12 кастрычніка 1971 года. Паходзіў з парафіі св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы (Шчучынскі дэканат). Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 7 снежня 1996 года ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Служыў вікарыем парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы, пробашчам парафій Найсвяцейшай Тройцы ў Бердаўцы і св. Казіміра ў Першамайскім (Лідскі дэканат). Пасля некаторы час служыў пробашчам парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат). З 2015 года быў рэзідэнтам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне.

Ангеліна Пакачайла