Skip to main content
Логотип

Гэтая краіна сама нас выбрала: валанцёркі з Беларусі пра місіі ў Казахстане

IMG 20250926 WA0016

19 кастрычніка ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца Сусветны дзень місій. Сёлета ён пройдзе пад дэвізам “Місіянеры надзеі сярод усіх народаў”, нагадваючы кожнаму ахрышчанаму, што яго галоўнае пакліканне – быць веснікам і стваральнікам надзеі.

Марыя Ануфрыева і Элеанора Алешчык пазнаёміліся падчас І Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі і сябруюць ужо на працягу 15 гадоў. Энергія і вера дагэтуль рухаюць дзяўчат наперад – яны разам ездзяць на місіі ў Цэнтральную Азію. Сёлета гэта Узбекістан, а пачалося ўсё з Казахстана, куды місіянеркі ўпершыню прыбылі ў 2023 годзе, каб служыць у адным з каталіцкіх цэнтраў краіны – сяле Азёрнае.

– Дзяўчаты, распавядзіце, калі ласка, пра месца, дзе валанцёрылі. Чым яно славіцца?

Эля: У пасёлку Азёрнае, дзе мы служылі, у часы Другой сусветнай вайны, як распавядаюць мясцовыя, адбыўся цуд. Дэпартаваныя з Еўропы вернікі (у казахскія стэпы высылалі людзей, няўгодных рэжыму – заўв. аўт.) моцна пакутавалі ад голаду і шмат маліліся Ружанцам у інтэнцыі выратавання. Нечакана ў пасяленні з’явілася возера з рыбай. Лічыцца, што гэта адбылося праз заступніцтва Маці Божай. У памяць пра цудоўныя падзеі непадалёку ад вадаёма ўсталявалі фігуру Марыі ў руках з рыбалоўнай сеткай, поўнай улову.

Сёння ў залежнасці ад надвор’я возера то высыхае, то напаўняецца вадой ізноў. Аднак, не зважаючы на сезон, месца бесперапынна прыцягвае паломнікаў. Вернікі з’язджаюцца з усяго Казахстана і з-за мяжы (у Азёрным паўстаў Нацыянальны санктуарый Царыцы Супакою, ён з’яўляецца адным з 12 алтароў свету, створаных па ініцыятыве папы Бенедыкта ХVІ для малітвы за мір ва ўсім свеце – заўв. аўт.).

Маша: Штогод у сяле ладзяцца каталіцкія Дні моладзі Цэнтральнай Азіі. Ведаю, што ў апошнія разы прыязджалі таксама вернікі з Расіі і невялічкая група з Беларусі.

У праграму заўсёды дадаюць штосьці новае, але ёсць і пастаянныя пункты. Напрыклад, паломніцтва на Валынскую сопку, дзе моляцца ў т. л. і за казахскі народ, які часта дапамагаў рэпрэсіраваным выжыць.

– Што Вас уразіла ў веры мясцовых католікаў? У чым яе асаблівасць?

Эля: Для мяне было дзіўна тое, што рэлігійнасць там распаўсюджваецца зусім не так, як у Беларусі ці Польшчы. У нас вера перадаецца маладому пакаленню ад бацькоў, бабуль і дзядуль. У Казахстане шмат хлопцаў і дзяўчат, якія прыходзяць у Касцёл самі. То-бок, іх мамы і таты могуць быць увогуле няверуючымі, але дзеці ўсё роўна знаходзяць шлях да Хрыста.

Яшчэ здзівіла тое, што ў каталіцкую веру пераходзяць мусульмане. І часта, на жаль, пасля сям’я адмаўляецца ад іх. У такім выпадку даводзіцца спыняць усялякую сувязь з роднымі і нават змяняць месца жыхарства.

Пры гэтым навяртанні адбываюцца ва ўмовах, калі мясцоваму каталіцкаму духавенству нельга евангелізаваць па-за межамі іх парафій. Прасцей кажучы, святары не могуць выйсці на плошчу, каб распавядаць пра Хрыста.

Маша: Падчас працы з дзецьмі мы заўважылі яшчэ адзін цікавы момант. Некаторыя з тых, хто прыходзіў на катэхетычныя заняткі, былі неахрышчаныя. Бацькі не хацелі іх хрысціць, пакуль тыя непаўналетнія і не могуць самастойна вырашаць.

Мяне глыбока кранула і тое, што ўсім малітвам хлопцы і дзяўчаты вучацца ад манахінь і святароў, а не ад бацькоў. Менавіта дзякуючы вялікаму высілку мясцовага духавенства, якое часта вымушана прабірацца праз снежны буран і 30-градусны мароз, каб прапаведаваць, дзеці вучацца асновам веры.

– А як казахскі народны каларыт адлюстроўваецца на лакальным Касцёле?

Маша: Я асабліва не заўважыла мясцовага каларыту ў Літургіі ці іншых праявах веры. Аднак адразу ўзгадваецца абраз Вялікай Стэпавай Маці. Астанінскі арцыбіскуп Томаш Пэта звярнуўся з просьбай да мясцовага мастака напісаць абраз Маці Божай, якая выглядала б, як казашка. Натхняючыся еўрапейскімі ўзорамі, ён адаптаваў выяву пад казахскія культурныя рэаліі. Напрыклад, мастак тлумачыў, што Марыя не глядзіць прама на чалавека, які моліцца перад абразом, але адводзіць позірк убок, бо ў Казахстане традыцыйна не прынята, каб жанчына глядзела ў вочы суразмоўцы. Аўтар таксама напісаў Багародзіцу ў белай вопратцы з традыцыйнымі ўзорамі. Белы колер у казахскай культуры лічыцца сімвалам сціпласці – Марыя паходзіла з небагатай сям’і. Разам з тым, Езус на абразе таксама мае воблік казаха, завернуты ў традыцыйны народны касцюм.

изображение viber 2025 10 06 14 33 15 057

У Казахстане налічваецца каля 100 тысяч католікаў, што складае 1% ад усяго насельніцтва краіны. У склад мясцовага Касцёла ўваходзіць 1 Апостальская адміністратура, 3 дыяцэзіі і каля 70 парафій.

Абраз сёння захоўваецца ў парафіі ў Азёрным. Там адмыслова пабудавалі капліцу ў форме юрты (традыцыйнае пераноснае жыллё качавых народаў Цэнтральнай Азіі – заўв. аўт.), дзе яго і размясцілі. Некаторыя мусульмане або няверуючыя спецыяльна прыходзілі паглядзець на выяву Маці Божай, бо прачыталі ў інтэрнэце, што “Марыя прыгожая, як казашка”. Мы таксама моцна палюбілі гэтую ікону і прывезлі сабе дадому яе копію.

– Кожная зямля мае святых, цесна звязаных з мясцовай гісторыяй. Праз чыё заступніцтва моляцца католікі ў Казахстане?

Эля: Напэўна, гэта бласлаўлёны кс. Уладзіслаў Букавінскі, які падзяліў лёс мясцовых вернікаў. Яго адправілі ў ссылку на тутэйшыя землі ў 50-х гадах. Зразумела, цэлебраваць св. Імшы ці ўдзяляць сакраманты было забаронена, і кс. Уладзіслаў рабіў усё таемна. Ён стаў сапраўдным духоўным аўтарытэтам, таму што быў літаральна адзіным шансам для людзей, каб паспавядацца ці прыняць св. Камунію. Дзякуючы яго служэнню многія навярнуліся, адкрылі пакліканне да манаства ці святарства.

Цікава, што калі кс. Уладзіслаў меў магчымасць вярнуцца на Радзіму, то адмовіўся. Вырашыў застацца працаваць начным вартаўніком, каб толькі працягнуць таемнае служэнне сярод мясцовых католікаў. За гэтую адданасць яго і ўшаноўваюць. Існуе абраз, малітвы, музей з яго асабістымі рэчамі.

– Чым менавіта Вы займаліся на місіях у Казахстане?

Эля: Мы ехалі з настроем рабіць усё, што нам скажуць. У гэтым таксама ёсць свая місія. Дакладна ведалі, што будзе патрабавацца шмат фізічнай дапамогі падчас Дзён моладзі. Напярэдадні з’езду неабходна было прыбрацца ў пакоях, падрыхтаваць пасцельную бялізну. Непасрэдна падчас з’езду – гатаваць пасілікі, мыць посуд. І ў агародзе мы працавалі.

Акрамя таго, аказвалі духоўную падтрымку. У мясцовай святыні штодня праходзіла адарацыя – з 10 гадзін раніцы да 18 вечара. Гадзіны распісвалі на ўсю вёску, але яна невялічкая, таму мы падмянялі мясцовых вернікаў на малітве. Служэннем стала і проста выслухаць, паразмаўляць са святаром ці манахіняй, што там служаць.

Памаліцца за парафіян або проста пабыць побач.

Маша: Дапамагалі сястры і ксяндзу ў правядзенні “Канікул з Богам”. Арганізоўвалі розныя гульні для дзяцей, катэхізавалі, ладзілі вечар з вогнішчам і каўбаскамі. І дзеля гэтага штодня ездзілі за 100 км у суседнюю вёску, якая з’яўляецца часткай парафіі ў Азёрным.

Калі адправіліся ў Казахстан у другі раз, нас ужо сустракалі як сваіх.


Кс. Сяргей Дробышаў паходзіць з Астанінскай дыяцэзіі

студэнт Папскага ўніверсітэта св. Тамаша Аквінскага ў Рыме (Італія)

Дэпартацыі народаў Еўропы ў Казахстан, якія найбольш актыўна праводзіліся ў 1930–50-х гадах, прынеслі вялізную хвалю хрысціянства ў нашу краіну. І дагэтуль шматлікія мясцовыя католікі – гэта патомкі рэпрэсіраваных. Аднак хрысціянства на тэрыторыі цяпершняга Казахстана зарадзілася яшчэ ў ІІ–ІІІ стагоддзях, калі ад пераследу сюды беглі хрысціяне з Сірыі ці Ірана.

Казахстан – шматнацыянальная краіна. Гэта ўсталёўвае ўзаемаразуменне, хоць і непрыемныя сітуацыі часам здараюцца. Нягледзячы на тое, што дагэтуль існуе стэрэатып, нібы славянін – хрысціянін, а казах – мусульманін, людзі, шукаючы Бога, усё больш адыходзяць ад свайго нацыянальнага бэкграунда.


– Місіі – гэта таксама пра плён для сябе. З чым вярталіся дадому?

Эля: Калі мы рыхтаваліся да першай паездкі, іншыя валанцёры так і казалі, што мы возьмем нашмат больш, чым туды прывязём. Я, шчыра кажучы, так не думала... Але аказалася, гэта праўда.

Раней, напрыклад, для мяне было праблематычна сабрацца з думкамі, сканцэнтравацца. А ў Азёрным мне ўдалося спазнаць цішыню. Калі ты прыходзіш у капліцу, глядзіш на алтар, то ў нейкі момант усведамляеш, што ўсё астатняе – гэта дробязь: ёсць толькі тут і цяпер.

Маша: Я навучылася не баяцца нічога новага, быць адкрытай на чалавека, на заданні, што табе давяраюць. Проста, з любоўю прымаць тое, як людзі існуюць у іншай краіне, як яны бачаць Каталіцкі Касцёл. Навучылася таксама радавацца таму, што маю, бо часам людзі не бачаць таго, што мне падаецца звычайнасцю.

На місіях я адчула, які гэта незаслужаны дар ад Бога – мець магчымасць з дзяцінства хадзіць у касцёл, пераймаць веру ад бацькоў. А місіянеры – гэта ўвогуле вялікае багацце Касцёла, бо едуць і аддаюць іншым людзям усё сваё жыццё.

Апынуцца разам на служэнні ў няпростых умовах – выклік для любых стасункаў. Аднак дзяўчаты згаджаюцца, што пасля супольных місій іх сяброўская сувязь стала толькі мацнейшай. Яны прайшлі праверку на трываласць і ўгрунтавалі свае адносіны на глыбокіх каштоўнасцях.

У Казахстане налічваецца каля 100 тысяч католікаў, што складае 1% ад усяго насельніцтва краіны. У склад мясцовага Касцёла ўваходзіць 1 Апостальская адміністратура, 3 дыяцэзіі і каля 70 парафій.

Ангеліна Марцішэўская