Skip to main content
Логотип

Дзеці, маліцеся – і свет зменіцца

IMG 20251008 000254 287

Ва ўспамін Маці Божай Ружанцовай хлопчыкі і дзяўчынкі з усяго свету злучыліся ў малітве на ружанцы ў інтэнцыі супакою. Сутнасць штогадовай міжнароднай ініцыятывы палягае на тым, што, “калі мільён дзяцей разам памоліцца Ружанцам, свет зменіцца” (ідэя малітоўнай кампаніі адсылае да абяцання вядомага містыка і стыгматыка св. Айца Піо з П’етрэльчыны).

За мір

Арганізатарам кастрычніцкай акцыі “Мільён дзяцей моліцца на ружанцы” з’яўляецца папскі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Сёлета яна праходзіла ў 20-ты раз (у Беларусі – у шосты) пад дэвізам “Ружанец – ланцуг да неба”. Нязменная інтэнцыя – еднасць і супакой у свеце.

У Беларусі малітоўную акцыю ініцыіруе с. Часлава Навіцкая USJK разам са сваёй камандай. Манахіня адказвае за душпастырства дзяцей у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і кіруе Хрысціянскім сацыяльным цэнтрам Дабрачыннай місіі добрага самараніна пад апекай св. Уршулі Ледухоўскай, які ладзіць тэлемост з парафіямі з усіх дыяцэзій Касцёла ў Беларусі.

“Памятаю кожную акцыю, бо нельга забыць малітоўны, поўны веры позірк дзяцей, якія просяць Бога ў інтэнцыі супакою ва ўсім свеце. Мінулы год для нашай краіны быў юбілейны – мы ў пяты раз далучыліся да сусветнай ініцыятывы і адмыслова правялі яе не ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску, а ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне. Менавіта ў Фаціме Марыя звярнулася да дзяцей з просьбай аб трывалай малітве аб супакоі”, – узгадвае с. Часлава. Сёлета малітоўная акцыя з-за арганізацыйных момантаў адбывалася ў парафіях без анлайн-сувязі, у духоўнай лучнасці з маленькімі вернікамі з усёй краіны і свету.

У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску дзеці перад малітвай сабраліся разам на свяце Ружанца, куды прынеслі зробленыя сваімі рукамі пацеркі для ўдзелу ў конкурсе. “У кастрычніку ў Цэнтры мы заўсёды стараемся больш увагі прысвяціць Ружанцу. Гэта не азначае, што молімся ўсе таямніцы Ружанца альбо нават адну частку, бо дзеці ў нас даволі малога ўзросту, – «змагаемся» за свядомую і якасную малітву”, – адзначае с. Часлава.

Па словах манахіні, малітва – гэта сіла і супакой. “У кожнага з нас свае жыццёвыя таямніцы і свая дарога, – дадае сястра. – Важна, каб перажывалі яе ў святле Хрыстовых таямніц”.

С. Часлава заўважае, што хлопчыкі і дзяўчынкі з захапленнем удзельнічаюць у штогадовай сусветнай акцыі “Мільён дзяцей моліцца на ружанцы”: “Бачна, як глыбока перажываюць тое, што іх так шмат збіраецца ў пэўны час на малітве. Гэта служыць нашаму агульнаму духоўнаму ўзбагачэнню і надзеі, што зможам асягнуць супакой у сваіх сэрцах і свеце”.

Малітва сэрца

Як заўважыў у слове ва ўспамін Маці Божай Ружанцовай старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, ружанцовая малітва – гэта “адно з тых марыйных набажэнстваў, якое сёння вельмі хутка развіваецца ў нашых дыяцэзіях”: “У многіх парафіях існуюць малітоўныя групы – колы Жывога Ружанца. Вельмі радасна, што моладзь таксама актыўна арганізуе такія малітоўныя групы, а ў апошнія гады арганізаваліся мужчынскія колы Жывога Ружанца, чым мы вельмі ганарымся. На працягу ўжо 30 гадоў у парафіях Беларусі існуе Міжнародны Фацімскі Ружанец – вернікі, якія належаць да яго, моляцца ў інтэнцыі трыумфу Беззаганнага Сэрца Марыі. Пашырэнню ружанцовых набажэнстваў актыўна садзейнічаюць рэлігійныя рухі і супольнасці, асабліва «Легіён Марыі». Ружанец штодзённа гучыць праз «Радыё Марыя», ружанцовыя разважанні паводле слоў ці твораў розных святых змешчаны таксама на каталіцкіх інтэрнэт-старонках”.

IMG 20251008 000405 114

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй называе Ружанец “малітвай сэрца, дыханнем веры і надзеі”: “У ім мы вучымся глядзець на сваё жыццё вачыма Евангелля.

Паўтараючы «Вітай, Марыя», аддаём свае надзеі і страхі, радасці і пакуты ў рукі Маці Божай, якая пастаянна вядзе нас да свайго Сына”.

Па словах біскупа, “у цяжкія часы, калі свет ахоплены неспакоем, падзеламі і болем, Ружанец становіцца духоўнай зброяй, якая абараняе нашыя сэрцы і дорыць мір”. У звароце на распачацце ружанцовага месяца іерарх заахвочвае духавенства і вернікаў дыяцэзіі да таго, каб гэты час стаў “месяцам нашай духоўнай сілы”:

“Заклікаю ўсіх вас – святароў, манахаў, манахінь, сем’і і ўсіх астатніх вернікаў нашай дыяцэзіі, – каб у гэтым кастрычніку Ружанец заняў асаблівае месца ў вашым жыцці. Маліцеся разам у парафіях, у сямейным коле, у супольнасцях, а таксама асабіста, у ціхім даверы сэрца. Ахвяруйце гэтую малітву асаблівым чынам за мір у свеце, за адзінства ў сем’ях, за новыя святарскія і манаскія пакліканні, за ўсіх, хто пакутуе і шукае надзеі”.

Кацярына Паўлоўская, Ангеліна Пакачайла