Добры дзень! Хацела б расказаць сваю гісторыю пра Ружанец. Адбылася яна крыху больш за год таму…
Летась у маёй роднай сястры была складаная цяжарнасць. Перад родамі яна паспела мне патэлефанаваць і сказаць, што яе тэрмінова адправілі нараджаць. Я моцна расхвалявалася, разумеючы, што не магу нічым дапамагчы і паўплываць на сітуацыю ніяк таксама не магу. І тут мой погляд упаў на крыж, які мы з мужам набылі на святых місіях. Мяне як токам прабіла! Тут жа схапілася за ружанец і інстынктыўна зірнула на гадзіннік – было 14:01.
Праз слёзы я стала адгаворваць Ружанец. Увечары даведалася, што дзіцё нарадзілася прыкладна тады, калі я заканчвала маліцца.
Хлопчыку быў пастаўлены цяжкі дыягназ, патрабавалася пераліванне крыві. Я вырашыла для сябе, што кожны дзень буду маліцца на ружанцы, пакуль ён не ачуняе.
Амаль цэлы месяц пачынала сваю раніцу з Ружанца. Мой пяцігадовы сын разам са мной так вывучыў малітвы.
Цяпер з пляменнікам, на шчасце, усё добра. Удзячная Марыі і Богу за дапамогу, за тое, што чуюць мяне, калі я звяртаюся да Іх з просьбамі!
Вольга Л.