Skip to main content
Логотип

12 кастрычніка – каментарый да Евангелля на ХХVІІІ Звычайную нядзелю (Лк 17, 11–19)

6 1 1

Удзячныя адносіны

Мы можам сустрэць Пана Бога ў розных абставінах жыцця. Часам гэты момант – хвароба або нейкая іншая праблема. Тады Бог адчуваецца асабліва патрэбным і карысным. Добра ведаем, што можам звярнуцца да Яго ў розных сітуацыях, бо Бог ніколі не адмаўляе чалавеку ў дапамозе.

Красамоўным з’яўляецца стаўленне пракажоных у Евангеллі, якія просяць Езуса аб аздараўленні. Першы крок – гэта заўсёды вера ў Бога, вера ў тое, што Ён падтрымае. І ў скарзе пракажоных гучыць гэтае вызнанне веры: “Бог можа мне дапамагчы, я ў гэта веру і вызнаю, што Ён Настаўнік і Пан” (параўн. Лк 17, 13).

Даручыць сябе Богу – азначае зрабіць першы крок.

Можна асуджаць дзевяць аздароўленых пракажоных з прыпавесці, якія не вярнуліся і не падзякавалі за аздараўленне. Але трэба таксама памятаць, што праблема заключаецца не толькі ў пытанні ўдзячнасці, важна спытаць сябе: кім з’яўляецца Бог у маім жыцці?

Звычайна адбываецца так, што калі мы галодныя, то спяшаемся ў краму, каб купіць прадукты, а потым хутка забываем пра гэтую краму. Калі хварэем, спяшаемся да ўрача, а калі ўжо паправіліся, то не ўспамінаем яго і радуемся жыццю. А ці не паступаем мы часам гэтак жа з Богам?

Езус запрашае нас да глыбокіх адносін з Творцам. Яны не абмяжоўваюцца заспакаеннем надзённых патрэб і выратаваннем чалавека з жыццёвых праблем. Бог хоча быць Богам нашага жыцця. Ён прагне быць Панам і Настаўнікам, якому верым і з якім жывём штодзень. Гэта адносіны не толькі ўдзячнасці, а, найперш, праслаўлення Бога, захаплення Яго жывой, асабістай прысутнасцю ва ўсім нашым жыцці.

Будзем жа нястомна дзякаваць Богу за Яго трыванне ў чалавечай рэчаіснасці. А калі прыйдуць цяжкія хвіліны, у якія адчуем дапамогу Творцы, наблізімся ў веры да Яго – нашага Пана і Настаўніка!

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду