Skip to main content
Логотип

19 кастрычніка – каментарый да першага чытання на ХХІХ Звычайную нядзелю (Зых 17, 8–13)

6 1 1

Крыж і рэалізм

У Святым Пісанні чуем гісторыю пра незвычайную бітву, што адбылася падчас вандроўкі Ізраіля па пустыні. На ўцекачоў з Егіпта нападае племя амалекіцян. Калі адбываецца бітва, Майсей моліцца аб перамозе – і сапраўды, Абраны народ пад кіраўніцтвам Ісуса Навіна перамагае, але толькі тады, калі правадыр трымае рукі ўгару: “Калі Майсей падымаў рукі свае, перамагаў Ізраэль, а калі апускаў рукі свае, перамагаў Амалек. Калі рукі Майсеевы ацяжэлі, тады ўзялі камень і падставілі яму, і ён сеў на ім, а Аарон і Хур падтрымлівалі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а другі з другога боку. І былі рукі яго паднятыя аж да захаду сонца. І перамог Ісус Амалека і народ ягоны вастрыём мяча” (Зых 17, 11–13).

У паставе Майсея, што ўздымае рукі ўгару, Айцы Царквы заўсёды бачылі правобраз Крыжа Хрыстовага, знака перамогі Госпада. Вось, напрыклад, як пра гэта гаворыць адна з песень падчас Вячэрні (Нешпараў) у візантыйскай традыцыі: “Крыжападобна Майсей на гары рукі ўзняў уверх, і Амаліка перамог: Ты ж, Збавіцелю, далоні распрасцёршы на крыжы пачэсным, абняў мяне, выратаваў ад варожай няволі і даў мне знак жыцця”.

Народ жа амалекіцян стаўся для царкоўных аўтараў сінонімам граху, як, напрыклад, для св. Андрэя Крыцкага, аўтара Вялікага пакаяннага канона, што заклікае душу хрысціяніна: “Устань і змагайся з цялеснымі пажаданнямі, як некалі Ісус з Амалекам”.

Хрысціянам варта памятаць пра крыж як знак перамогі, бо ён дае перамогу над грахом не толькі тады, калі мы яго вешаем у сваіх дамах, носім на сабе, жагнаемся.

Нашыя цярпенні – наш асабісты крыж – робяцца знакам перамогі над злобай, адчаем, помстаю і г. д. Дзякуючы гэтаму перамагаем сваіх уласных “амалекіцян” ды бачым тое, што сапраўды прыносіць нам карысць і вядзе да Госпада.

А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду