Skip to main content

Ксяндза Пятра Барташэвіча ўзгадaлi ў Жалудку ў 30-ю гадавіну яго смерці

zeludok 4813 студзеня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Шчучынскі дэканат) адбылася святая Імша ў інтэнцыі былога пробашча гэтай парафіяльнай супольнасці кс. прэлата Пятра Барташэвіча.

Святар быў пробашчам у Жалудку на працягу 27 гадоў, да сваёй смерці.

На малітве ў парафіяльнай святыні сабраліся шматлікія вернікі, у жывой памяці якіх застаецца гэты руплівы святар, які з вялікім прысвячэннем і адданасцю служыў ім, асаблівым чынам клапоцячыся пра маладое пакаленне вернікаў.

Прыбылі таксама святары, сёстры законныя і іерархі з Гродна: ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі.

Літургію ў інтэнцыі спачылага святара ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі.

Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. канонік Ян Рэйшэль. 

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў пра жыццёвы шлях святара Пятра Барташэвіча: спачатку служэнне ў Віцебскай вобласці, потым ссылку ў Сібір, служэнне ў Адэльску і Жалудку. 

Іерарх асаблівую ўвагу засяродзіў на арганізатарскіх і красамоўніцкіх здольнасцях гэтага заслужанага для Касцёла ў Беларусі святара. У часы атэізму яго адрознівала імкненне да евангелізацыі моладзі, што было забаронена ўладамі. Але ён добра ведаў, што моладзь – гэта будучыня грамадства і Касцёла, таму шмат працаваў з мэтай яе духоўнай фармацыі.

zeludok 34

Шмат намаганняў ён, па словах арцыбіскупа, прыклаў у сферы адкрыцця паклікання да святарства і фармацыі будучых святароў. Яго дом у Жалудку стаў сапраўдным домам фармацыі. Менавіта ён падрыхтаваў да святарства кс. прэлата Антонія Ханько, пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Гродне. Таксама, як адзначыў арцыбіскуп, ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч удзячны кс. Пятру за тое, што спаткаў яго на шляху падрыхтоўкі да святарства.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што ксёндз Пётр залатымі літарамі ўпісаўся ў гісторыю захавання веры ў часы ганенняў у Беларусі. Ён стаяў ля вытокаў яе адраджэння, быў прыкладам клопату пра пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця, і з яго неабходна браць прыклад, сказаў іерарх.

Арцыбіскуп дадаў, што ідуць гады і дзесяцігоддзі, пасля смерці кс. Пятра Барташэвіча вырасла новае пакаленне, але памяць аб ім жыве, бо ён абвяшчаў жывое Евангелле Хрыста і вёў людзей шляхам збаўлення. “Верым, што сваім ахвярным служэннем ён заслужыў сабе вянок славы ў Божым Валадарстве, аб чым молім Міласэрнага Езуса”, – адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі.

Aрцыбіскуп прызнаўся, што вельмі многім удзячны ксяндзу Пятру: “З усёй адказнасцю магу сказаць, што калі б не ксёндз Пётр Барташэвіч і падобныя да яго, я не змог бы стаць святаром”

Падчас Эўхарыстыі маліліся таксама за спачылага Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта, які, як падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч, быў вялікім сябрам Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

Пасля заканчэння Імшы духавенства і вернікі накіраваліся на парафіяльныя могілкі, дзе на магіле кс. Барташэвіча памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, просячы аб дары неба для яго.

Вернікі парафіі ў Жалудку падкрэсліваюць і сёння, што, хоць прайшло ўжо 30 гадоў з часу смерці іх былога пробашча, у сэрцах многіх жывуць яго словы, якімі ён звяртаўся да іх з амбоны. Яны памятаюць яго навуку, прасякнутую Божай мудрасцю і глыбінёй яго святарскай душы, якой ён умеў дзяліцца з кожным, каго сустракаў.

Сёння, праз 30 гадоў з часу смерці ксяндза Барташэвіча, можна смела сцвярджаць, што ён заклаў падмурак для адраджэння Касцёла ў нашай краіне, у цяжкія гады ганенняў бараніў веру і ўмацоўваў яе.

Ксёндз Пётр Барташэвіч нарадзіўся 29 чэрвеня 1914 г. у Вільні, дзе скончыў школу і гімназію. У 1934 г. паступіў вучыцца ў семінарыю ў Вільню. У 1939 г. атрымаў ступень магістра тэалогіі. 16 чэрвеня 1940 г. у Вільні арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.

Спачатку служыў вікарыем у Шумску, а пазней – у віленскай Кальварыі. У кастрычніку 1941 г. быў накіраваны на працу ў Зембіна пад Мінскам, але не трапіў туды. Па просьбе дэкана кс. Антонія Зянкевіча, тагачаснага генеральнага вікарыя біскупа ў сваім дэканаце, ён застаўся ў парафіі ў Глыбокім.

У 1943 г. быў пробашчам парафіі ў Пярплішчы, у 1946 г. – пробашчам парафіі ў Крулеўшчызне. Восенню быў арыштаваны і прывезены ў Полацк. Яго абвінавацілі ў тым, што ён не верыць у моц Чырвонай арміі, прымушаў дзяцей маліцца і актыўна ўдзельнічаў у сустрэчах святароў.

У пачатку 1949 г. быў асуджаны на 25 гадоў лагераў, пазбаўленне грамадзянскіх правоў на 5 гадоў і канфіскацыю маёмасці. Спачатку быў накіраваны ў турму ў Оршу, адтуль – у лагер Старая Вятка ў Рэспубліку Комі. Праз два гады быў высланы ў лагер Чуна ў Сібір. Быў вызвалены 1 мая 1955 г., прыбыў у парафію ў Пярплішчы, дзе касцёл быў ужо зачынены.

Ксёндз Пётр звярнуўся ў Гродна да дэкана кс. Міхала Арановіча, які накіраваў яго ў Адэльск. 13 чэрвеня 1955 г., пасля атрымання адпаведных дакументаў, пачаў там працу. Займаўся моладдзю, пры касцёле арганізаваў спартыўныя спаборніцтвы. У адэльскай школе не было піянераў і камсамольцаў, і ўлады абвінавачвалі ў гэтым ксяндза. З-за гэтага па распараджэнні ўладаў ён быў вымушаны пакінуць Адэльск і пачаў працу ў Жалудку. З-за вельмі руплівай працы ў яго адабралі дакументы (т. зв. даведку).

Ксёндз Барташэвіч паехаў у Маскву, каб сустрэцца там з Румянцавым, старшынёй Найвышэйшай рады па справах рэлігіі. Пасля гэтай сустрэчы святар атрымаў дакументы.

У 1963 г. ён быў вымушаны пакінуць парафію ў Адэльску і накіравацца ў Жалудок, дзе выконваў функцыі пробашча да самай смерці. Дзякуючы старанням кс. Пятра ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе быў прыняты Антоні Ханько, шматгадовы канцлер біскупскай курыі ў Гродне. Ксёндз Пётр разам з кс. Юзафам Грасевічам заснаваў патаемную супольнасць сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. У 1990 г. ён стаў папскім прэлатам.

13 студзеня 1991 г. памёр у Жалудку, дзе быў пахаваны каля магілы сваёй маці.

Кс. Юрый Марціновіч