biskup4 красавіка свой залаты юбілей адзначае дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Роўна 50 гадоў таму, у вечар Вялікай пятніцы, у сям’і Рамуальда і Гелены Станеўскіх прыйшло ў свет чацвёртае дзіця. Падчас святога хросту, які адбыўся 13 мая 1969 г. у парафіяльным касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Язафата ў Заневічах, хлопчык атрымаў імя вялікага апекуна – св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі.

Менавіта ў сваёй роднай мясцовасці недалёка ад Гродна будучы іерарх адкрываў тую вялікую місію, якую яму падрыхтаваў Хрыстус Пан, і дарастаў да яе. Сямейны дом і атмасфера, якая была ў ім створана дзякуючы клапатлівым і высакародным бацькам, як адзначаў ён у дзень сваёй біскупскай сакры (1 лютага 2014 г.), сталі першай семінарыяй, а тое, што ён тады зразумеў і чаму навучыўся, стала чалавечым фундаментам яго пазнейшага святарскага, а цяпер і біскупскага жыцця.

Юбілей – гэта цудоўная нагода для самога іерарха, каб паглядзець на сваю ролю ў справе збаўлення, на свае дасягненні, здзейсненыя да гэтага часу, служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне як пастыр і ў Беларусі як Генеральны сакратар Канферэнцыі Біскупаў і адказны за душпастырства моладзі, а таксама каб зірнуць у будучыню.

Для нас усіх – духоўных асобаў і вернікаў – гэта добрая нагода падзякаваць Богу за дар асобы біскупа Юзафа для нашага Касцёла. Таксама гэта заахвочванне да больш частай і больш руплівай малітвы ў інтэнцыі шаноўнага юбіляра.

juzaf

Як прыгожа бачыць людзей, якія могуць уступаць у гэты сталы перыяд свайго жыцця, дадзены Панам, з усмешкай, радасцю і са сцвярджэннем, што варта было слухаць Хрыста, у Касцёле рэалізаваць свае задачы, знайсці сваё месца і быць радасцю таксама гэтага свету. Біскуп Юзаф заўсёды з надзеяй, аптымізмам і ўсмешкай на твары крочыць праз жыццё!

Эксцэленцыя, дарагі біскуп!

Яднаючыся духоўна ў гэты асаблівы дзень з Вамі ў малітве, хочам яшчэ раз засведчыць нашу любоў, нашу ўдзячнасць, нашу павагу. Прыміце гэтую даніну нашых сэрцаў.

Ахвяруем нашу малітву. Ахвяруем таксама гэты духоўны вянец, створаны з нашых адкрытых сэрцаў. Уплятаем у гэты вянец кветкі, сабраныя з захаваных назаўсёды ў Вашай памяці “пагоркаў лясных, лугоў зялёных, шырока расцягнутых над блакітным Нёманам”.

staneuski

Няхай Анёл-ахоўнік і далей аберагае Ваша жыццё. А радасць, сапраўдная, хрысціянская і тая, якую Вы несяце ў сваім пастырскім дэвізе “Evangelii gaudium”, няхай заўсёды Вам спадарожнічае і ўдзяляецца кожнаму, каго Пан паставіць на шляху Вашага жыцця!

JM

 

© 2006-2019 GRODNENSIS.BY  Creating and programming by Jan_Dax,  design by Alexey Sauhin.