Skip to main content

Днём засяроджання распачаўся другі семестр навучальнага года ў гродзенскай семінарыі

wds studzen 728 студзеня пасля невялікага перапынку паміж сесіяй і вучобай навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне вярнуліся ў яе сцены, каб распачаць другую палову навучальнага года.

Вечарам распачаўся дзень засяроджання, які праводзіў канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. канонік Дзмітрый Пухальскі. З новага семестру ён будзе выкладаць у семінарыі ў Гродне кананічнае права. Галоўнай тэмай для разважання стала служэнне бліжнім у святарстве.

Засяроджанасць над Божым словам, цішыня, малітва, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і споведзь паспрыялі аднаўленню духоўных сіл студэнтаў пасля канікул, сесіі, турботаў і адпачынку.

У плане дня семінарыстаў была таксама малітва брэвіярыя, Ружанец з разважаннямі і канферэнцыя.

Галоўным пунктам і завяршэннем дня засяроджання стала супольная Эўхарыстыя. З дапамогай тэксту Евангелля, які Касцёл прапанаваў у гэты дзень, семінарысты разважалі над тым, што значыць быць братам і вучнем Хрыста.

Узносячы малітвы Богу, семінарыйная супольнасць падзякавала кс. Дзмітрыю Пухальскаму за праведзены з ёю час. Таксама былі выказаны віншаванні эканому семінарыі кс. Валерыю Аброшку, які адзначаў свае імяніны.

Aндрэй Юхнік

Фота: Мікіта Барташэвіч