13-14 кастрычніка ў парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах прайшлі рэкалекцыі, якія правёў кс. Антанэлло Кадэду, адзін з заснавальнікаў супольнасці “Запавет міласэрнасці”, якая дзейнічае ў Бразіліі.
Святар-місіянер праводзіў рэкалекцыі ў Беларусі ўжо другі раз. Для ўдзельнікаў гэта быў незвычайны час духоўнага аднаўлення, радасці, асаблівага дзеяння Духа Святога.
У гэты раз у Мастах сабралася каля 1000 чалавек з розных куткоў Беларусі.
Пан даў мне такую ласку, каб служыць перакладчыкам на гэтых сустрэчах, і я вельмі шчаслівая, што разам з Духам Святым усё ў нас атрымалася!
Ксёндз Антанэлло змог не толькі звярнуць нашую ўвагу на вельмі важныя ў хрысціянскім жыцці рэчы, але і стварыць незвычайную атмасферу ўзаемнага даверу, радасці і любові паміж удзельнікамі рэкалекцый. Усе разважанні былі пабудаваныя на аснове Евангелля паводле Марка (Мк 1, 21-25, 30-31, 40-42; Мк 2, 1-5; Мк 3, 1-5), дзе апісаны пяць вядомых цудаў, якія Езус здзейсніў падчас свайго зямнога жыцця.
Прапаведнік гаварыў аб тым, як павінна выглядаць нашае хрысціянскае жыццё, калі мы сур’ёзна вырашылі ісці за Хрыстом у сваёй штодзённасці. Набліжаючы постаці з Евангелля да нашага штодзённага жыцця, ён паказваў на гэтых прыкладах тое, што Езус хоча і будзе рабіць у нашым жыцці, калі толькі мы дазволім Яму гэта.
Святар пачаў свае разважанні з разгляду першага цуду, калі Езус вызваляе апантанага і выганяе нячыстага духа, кажучы: “Замаўчы і выйдзі з яго!” Гэта, па словах кс. Кадэду, сімвалізуе вызваленне кожнага з нас ад улады злога духа назаўсёды. Пасля быў разгледжаны цуд аздараўлення цёшчы Пятра ад гарачкі, які, па словах святара, паказвае, што пасля вызвалення ад вірусу граху (які знешне часта праяўляецца ў нашых сумных тварах і вачах) чалавек не толькі становіцца радасным і шчаслівым знешне, але і пачынае служыць (спачатку ў сваім доме), а пасля выходзіць за межы дому, каб дапамагаць і далей служыць іншым, як робіць Езус, калі выходзіць за межы горада, знаходзіць там пракажонага і аздараўляе яго.
Гэтае служэнне, як адзначыў святар, працягваецца, калі такія людзі пачынаюць аб’ядноўвацца разам у невялікія групы, каб дапамагаць іншым, як зрабілі гэта чацвёра людзей, калі разабралі дах дома, каб спусціць паралізаванага да Езуса, ратуючы яму жыццё.
Вось такая, па словах прапаведніка, дарога хрысціянскага развіцця разам з Езусам і бліжнімі нас чакае, калі толькі мы адважымся даверыцца Пану. Але гэта, як было адзначана, немагчыма зрабіць і развівацца далей, калі не мець сталага і рэгулярнага кантакту з Богам праз чытанне Божага слова і разважання над ім кожны дзень.
Толькі тады, як было падкрэслена, Дух Святы атрымлівае доступ да глыбіняў нашага сэрца і можа дзейнічаць у нашым жыцці ўсімі незвычайнымі спосабамі. Ксёндз Антанэлло казаў таксама аб тым, што, на жаль, вельмі часта ў сённяшніх католікаў не хапае актыўнасці і ініцыятывы, каб дапамагаць сваім душпастырам у парафіях, збірацца і маліцца разам, бо без малітвы і Духа Святога немагчыма выконваць хрысціянскую місію.
У гэтыя дні мы разам разважалі, разам маліліся адзін за аднаго, прасілі аб патрэбных ласках для кожнага, каб вучыцца жыць у сталым кантакце з Езусам, праз гэта змяняючы сваё жыццё і дапамагаючы іншым змяняць яго.
Яўгенія Раткевіч, удзельніца і перакладчык рэкалекцый