Skip to main content

У Тракелях прайшла з удзелам біскупа Кашкевіча агульнадыяцэзіяльная сустрэча руху “Маргарытка”

margaritki trokeli 17 чэрвеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася сустрэча ўдзельнікаў апостальскага руху “Маргарытка”. На сустрэчы прысутнічала больш за 300 чалавек з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі, якія штодзённа моляцца ў інтэнцыі святароў.

Нам паведамляюць, што “такія сустрэчы фарміруюць хрысціянскія каштоўнасці для распаўсюджвання ўзаемападтрымкі і любові, для духоўнай сувязі вернікаў і душпастыраў”. Першая агульнадыяцэзіяльная сустрэча ўдзельнікаў руху “Маргарытка”, арганізаваная кс. Валерыем Быкоўскім – першым духоўным айцом і апекуном руху – таксама праходзіла ў Тракелях, гэта было 31 мая 2014 г.

Сёлетняя сустрэча пачалася канферэнцыяй, з якой выступіў кс. Павел Раманоўскі – дэкан Ашмянскага дэканату і пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках. Пасля адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту – спачатку ў цішыні, а потым з малітвай Ружанца за святароў і кансэкраваных асоб, якія знаходзяцца пад малітоўнай апекай груп руху “Маргарытка”.

margaritki trokeli 7

Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. Разам з ім за ўсіх удзельнікаў руху і ўсіх пакліканых да асаблівага служэння Богу і Касцёлу маліліся мадэратар руху ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Раманоўскі – прэфект Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, куратар першага курса семінарыі кс. Павел Скуба, пробашч парафіі св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы кс. Андрэй Пышынскі, вікарый гродзенскай катэдральнай парафіі кс. Валерый Спірыдон, пробашч парафіі Святой Сям’і ў Лідзе кс. Руслан Мазан, кс. Павел Раманоўскі і кусташ тракельскага санктуарыя кс. Уладзіслаў Сурвіла.

Гамілію прамовіў кс. Валерый Спірыдон. Ад імя ўсяго духавенства і ад сябе асабіста ён выказаў падзяку ўсім, хто належыць да руху “Маргарытка”.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў удзельнікам руху за іх малітвы, духоўныя і матэрыяльныя ахвяры – гэтым, як было адзначана, яны падтрымліваюць святароў у служэнні Касцёлу.

У канцы Імшы прысутным святарам былі ўручаны “маргарыткі”. Гэта было знешнім знакам малітоўнай падтрымкі духавенства.
Завяршылася сустрэча сумесным абедам. Мадэратар руху кс. Ян Раманоўскі выказаў тракельскім парафіянам і кусташу санктуарыя падзяку за гасціннасць.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі